Прэмія імя былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі ўручаецца дэмакратычным рухам, што аб’ядноўвае афіцэраў — былых супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў і іншых сілавых структураў Беларусі.

Як паведаміла на цырымоніі, што адбылася ў Менску 22 лютага, юрыст Раіса Міхайлоўская, прэмія ўручаецца «мужным людзям, якія абараняюць гонар нашай Радзімы».

— Яшчэ ніхто ў пэрыяд найноўшай гісторыі нашай дэмакратычнай апазыцыі ня выступіў так сьмела, адкрыта і бескампрамісна супраць той сыстэмы, якая вядзе наш народ у нікуды, — заявіла Міхайлоўская. — Казулін даказаў, што будучыні без дэмакратычных пераўтварэньняў няма. Яшчэ ў судзе ён папярэджваў, што будзе зьяўляцца сваім судзьдзям па начах у снах, і зараз, будучы ў турме, ён працягвае барацьбу. Колькасьць яго прыхільнікаў узрастае з кожным днём.

Вэтэран вайны ў Афганістане, былы сьледчы, праваабаронца Алег Волчак зазначыў, што «было шмат кандыдатураў на гэтую прэмію».

— У іх ліку — і былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, і маладзёвы актывіст Зьміцер Дашкевіч, — сказаў парваабаронца, — аднак выбар аднагалосна зроблены на карысьць Казуліна.

Уручаючы прэмію жонцы экс‑кандыдата ў прэзыдэнты, лідэра Беларускай сацыял‑дэмакратычнай партыі «Грамада» Ірыне Казулінай, Волчак зазначыў, што ўсе былыя супрацоўнікі сілавых структураў і праваахоўных ворганаў, якія падтрымліваюць дэмакратычныя прынцыпы, сочаць за лёсам палітыка, падзяляюць яго погляды і захопленыя яго мужнасьцю. Нагадаем, першым ляўрэатам прэміі імя Захаранкі стаў палітык, генэрал Валер Фралоў, другім — праваабаронца Гары Паганяйла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?