На пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі футбола прагучала дзіўнае прызнанне ад аднаго з найбуйнейшых бізнесменаў краіны.
Як паведамляе «Прессбол», калі гаворка зайшла аб тым, што ФК «Партызан» у сувязі з фінансавымі цяжкасцямі не можа прайсці праверку, устаноўленую рэгламентам, гендырэктар клуба Людас Румбуціс звярнуўся да прысутных:
— Я прашу адтэрмінаваць ліцэнзаванне клуба яшчэ на два тыдні. У цяперашні час вядзецца размова з Раманавым [бізнэсмэн з Літвы — заўв. «Салідарнасці»].
Паказальнай была рэакцыя ўласніка групы кампаній «Трайпл» і менскага «Дынама» Юрыя Чыжа:
— Хто вам дасць час? Дзе вы за два тыдні знойдзеце ідыётаў за мяжой фінансаваць падобнае ў Беларусі?
І, мяркуючы па ўсім, гэта выказванне датычыцца не толькі футбола.