Герой за кратамі

Зьмітра Касьпяровіча, зьвінавачанага ў злосным хуліганстве за спробу вывесіць нацыянальны сьцяг на Менгарвыканкаме, 27 лютага асудзілі на 5-месяцовы арышт. За кратамі хлопец з 17 студзеня.

Студэнты ў абарону сяброўкі

З Акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны ў Віцебску 25 лютага адлічылі моладзевую актывістку другакурсьніцу Любоў Кучынскую. Афіцыйная прычына — непасьпяховасьць (3 няздадзеныя іспыты). Зварот да кіраўніцтва акадэміі ў абарону дзяўчыны падпісалі больш за 100 студэнтаў: яны лічаць выключэньне пакараньнем за яе палітычную дзейнасьць.

Школьніка трасуць за налепку

У Жодзіне 21 лютага міліцыянты затрымалі 10-клясьніка Дзяніса Чэркаса, бо ў яго на сшытку была налепкі «Я за свабоду». Яны ўварваліся ў кабінэт, каб праверыць заплечнік юнака, і завезьлі вучня ў пастарунак.

23 лютага ў Сьветлагорску міліцыянты ператрэсьлі заплечнікі 10-клясьнікаў Алега Гайдучэнкі й Антона Сьвяколкіна, актывістаў ТБМ: у горадзе зьявіліся налепкі пра ману дзяржаўных тэлеканалаў. Такія ж налепкі знайшлі ў хлопцаў. У камісіі ў справах непаўналетніх ім пагражалі за налепкі штрафамі 1 млн руб.

Суды адкладзеныя

Судовы працэс у справе Тацяны Хомы і адміністрацыі БДЭУ, прызначаны на 23 лютага, перанесены.

Суд над моладзевымі актывістамі з Барысава Аляксандрам Казаковым і Зьмітром Зубром, зьвінавачанымі ў супраціве міліцыянтам, 23 лютага не пачаўся: абвінавачаным не даставілі своечасова позвы, каб яны маглі пазнаёміцца з матэрыяламі справы.

Скрабца вывезьлі ў турму

Сяргея Скрабца 26 лютага накіравалі ў калёнію «Віцьба-3» у пасёлку Віцьба Віцебскай вобласьці.

Забаранілі перадаваць Біблію

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт» 23 лютага перадавалі Артуру Фінькевічу, які знаходзіцца ў сьледчым ізалятары (СІЗА) №1 Менску прадукты харчаваньня й іншыя рэчы. Супрацоўнікі СІЗА адмовіліся перадаваць арыштанту Біблію, бо яна не ўваходзіць у пералік дазволеных для перадачы выданьняў.

Ператрусы ў назіральнікаў

У Магілеве 21 лютага ператрус адбыўся ў Аксаны Закрэўскай, Сяргея Лапуціна, у Быхаве — у бацькоў Аляксея Купрэева, у Наваполацку — у Зьмітра Салаўёва, Аляксея Трубкіна, Ганны Корбы, у Полацку — у Дзяніса Салдаценкі, у пас.Баравуха (Полаччына) — у Анатоля Каханчыка. 22 лютага адбыўся ператрус у Берасьці ў Іны Апанасенкі. У Пружанах ператрус адбыўся ў кватэры Алеся Дайнэкі, якога змушалі прызнацца, што ён уваходзіць у «Партнэрства».

У Віцебску

Прадпрымальніка Ануфрыя Рамановіча 21 лютага Віцебскі суд аштрафаваў на 5 базавых велічыняў (145 тыс.) за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак. Пры ператрусе ў ягоным офісе 3 студзеня канфіскавалі 58 тыс. каляндарыкаў з партрэтам А.Мілінкевіча.

Барыса Хамайду накоратка затрымалі 22 лютага падчас пікету з заклікам байкатаваць прэзыдэнцкія выбары.

23 лютага падчас расклейкі абвестак пра сустрэчу з А.Мілінкевічам былі накоратка затрыманыя Віталь Броўка й Зьміцер Караткевіч. На іх склалі пратаколы за антысанітарыю.

У Віцебску падчас распаўсюду «Народнай волі» накоратка затрыманыя моладзевыя актывісты Дзяніс Дзянісаў і Максім Волкаў. У іх канфіскавалі 415 асобнікаў газэты.

У Гомелі

У Гомелі 21 лютага на прыватную кватэру, арандаваную Сяргеем Старычэнкам, актывістам штабу Аляксандра Казуліна, праніклі маёр міліцыі й людзі ў цывільным. Гаспадар кватэры сьцьвярджае, што ня ведае, якім чынам міліцыянты адамкнулі дзьверы. Яны спрабавалі высьветліць асобы прысутных (адбываўся сход актывістаў выбарчага штабу) і здымалі іх на відэакамэру.

Сьвятаслава Шаламава 21 лютага аштрафавалі на 10 б.в. (290 тыс.) за парушэньне Выбарчага кодэксу: пры затрыманьні 8 лютага ў яго канфіскавалі налепкі зь лягатыпамі беларускіх тэлеканалаў і надпісам «Нам хлусяць», а таксама ўлёткі-карыкатуры на тэлеканалы. Актывіста беспадстаўна зьвінавацілі, што ў яго ўлётках быў заклік не галасаваць за дзейнага прэзыдэнта. У яго кватэры супрацоўнікі КДБ правялі ператрус.

23 лютага міліцыянты канфіскавалі ў групы актывістаў А.Мілінкевіча 1400 афіцыйна выдадзеных улётак. Кіраўнік групы Андрэй Толчын паведаміў, што канфіскавалі таксама стэнд з партрэтам адзінага кандыдата, стол і крэсла.

25 лютага міліцыянты накоратка затрымалі агітатараў з групы А.Мілінкевіча Сяргея Трыфанава й Леаніда Ўдовенку: іх зьвінавацілі, што агітавалі ў неналежным месцы. У пастарунку ў іх сканфіскавалі больш за 150 буклетаў адзінага кандыдата і ўлёткі.

Андрэя Аксёнава і А.Толчына накоратка затрымалі 25 лютага. У кожнага зь іх канфіскавалі складны столік, на якім былі раскладзены ўлёткі Мілінкевіча. Міліцыянты тлумачаць, што столікі канфіскуюцца на падставе ўказу Аляксандра Лукашэнкі №31, які забараняе загрувашчваць вуліцы ды іншыя месцы грамадзкага карыстаньня.

26 лютага падчас распаўсюду буклетаў Мілінкевіча накоратка затрымалі Пятра Кузьняцова і Зьмітра Залатарова. У затрыманых 26 лютага Юрася Захаранкі, Кацярыны Гаўрыленкі, Леаніда Тужыка канфіскавалі складныя стол і крэсла, а таксама буклеты.

Калі Анатоля Паплаўнага спрабавалі 26 лютага завесьці ў пастарунак за распаўсюд агітацыйных улётак, ён сеў у сьнег. Несьці агітатара міліцыянты не схацелі.

Падчас распаўсюду «Народнай волі» 26 лютага накоратка затрыманыя сёстры Алена й Галіна Працко.

У Ветцы

У Ветцы 21 лютага падчас раздачы газэтаў «Народная воля» і «Товарищ» накоратка затрымалі Марыю Багдановіч і Людмілу Судзілоўскую. Міліцыянты патлумачылі затрыманьне тым, што ня ведаюць такіх газэтаў.

У Рагачове

21 лютага ў Рагачове затрыманы аўтамабіль Валер’я Рыбчанкі: у яго канфіскавалі 600 асобнікаў газэты «Народная воля» і 4000 асобнікаў выданьня «Товарищ». З часам газэты вярнулі.

26 лютага ў Рагачове падчас распаўсюду буклетаў Мілінкевіча й «Народнай волі» накоратка затрыманыя Ўладзімер Хадасевіч і Ўладзімер Тамковіч. Іх абвінавацілі, што агітавалі ў не прызначаным для гэтага месцы — на рынку.

Скарыстаўшыся з карыкатураў

У рэдакцыі газэты «Згода» 22 лютага адбыўся ператрус у зьвязку з перадрукам карыкатураў на прарока Мухамада. Супрацоўнікі КДБ правялі ператрус таксама ў кватэры галоўнага рэдактара й выдаўца Аляксея Караля. Рэдактара й ягонага намесьніка Аляксандра Зьдзьвіжкова пыталі ў КДБ. Распачатая крымінальная справа за распальваньне расавай нацыянальнай ці рэлігійнай варажнечы і розьні (арт.130 ч.1 КК).

Дамоклаў меч над Хэльсынскім камітэтам

27 лютага Мін’юст вынес папярэджаньне РГА «Беларускі Хэльсынскі камітэт» за нявыплату 157 млн руб. падаткаў у бюджэт: гэта грошы, якія БХК атрымаў у рамках праграмы TACIS. Мін’юст абавязвае арганізацыю заплаціць грошы цягам месяца. Тым часам БХК яшчэ абскарджвае судовае рашэньне.

Землякоў запалохваюць

У судзе Зэльвы 22 лютага аштрафавалі на 145 тыс.руб. Германа Радыгіна, зьбіральніка подпісаў за Мілінкевіча.

У Астраўцы позву на допыт да пракурора 22 лютага атрымала Ніна Вішнеўская, якая зьбірала подпісы за Мілінкевіча і Аляксандра Казуліна.

Пракурор Бярозаўскага раёну завёў справу пра адміністрацыйнае правапарушэньне на сацыял-дэмакрата Аляксандра Кузьміна і Ларысу Мажэйку зь Белаазёрску, актывістаў групы Казуліна: іх вінавацяць, што збор подпісаў даручылі іншым людзям.

У Магілёве

21 лютага ўвечары ў Магілёве накоратка затрыманы Ўладзімер Шанцаў, які перавозіў 26 000 перадвыбарчых улётак А.Мілінкевіча і 400 асобнікаў газэты «Товарищ». Улёткі ў міліцыі пералічвалі ўсю ноч. Урэшце вярнулі з прабачэньнямі. Прычым самі прывезьлі.

У Наваполацку

22 лютага затрымалі студэнта-трэцякурсьніка Яўгена Радчыкава: ён прымацаваў да сьцяны будынку налепку «Мы хочам новага». У міліцыі на яго склалі пратакол за вывешваньні абвестак у не прызначаных для гэтага месцах.

У справе Фінькевіча

Моладзевым актывістам Аляксею Шыдлоўскаму і Аляксандру Атрошчанкаву 23 лютага дадому затэлефанаваў сьледчы Першамайскага раёну Менску і запрапанаваў 24 лютага зьявіцца на допыт як сьведкў у справе актывіста незарэгістраванага «Маладога фронту» Артура Фінькевіча. Хлопцы папрасілі сьледчага прыслаць ім позвы ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі закону. У адказ той заявіў, што абвесьціць іх у вышук.

Такая свабода

З БДАТУ 22 лютага выключылі былога сакратара БРСМ факультэту прадпрымальніцтва й кіраваньня Венядыкта Кляўзэ, які ўвайшоў у ініцыятыўную групу Мілінкевіча.

У Шклове

У Шклове 24 лютага накоратка затрымалі моладзевага актывіста Сержука Нягаціна: з заплечніка ў яго канфіскавалі брашуры ды налепкі. 25 лютага ў царкву в.Высокая на Шклоўшчыне, дзе Нягацін дапамагае ў якасьці дзяка, зьявіўся лейтэнант крымінальнага вышуку, які нэгатыўна характарызаваў хлопца перад сьвятаром.

У Менску

23 лютага міліцыянты затрымалі Ўладзімера Кішкурну, Ігара Арлова і Леанарду Мухіну, якія раздавалі агітацыйныя ўлёткі А.Мілінкевіча. У пастарунку міліцыянты заявілі, што раздаваць перадвыбарчыя ўлёткі можна толькі ў адмыслова адведзеных месцах. Даведаўшыся пра затрыманьне актывістаў, прыехаў сам А.Мілінкевіч. Гэтага было дастаткова, каб актывістаў выпусьцілі. Аднак пазьней ім уручылі позвы ў міліцыю.

За палякамі цікуюць

Аўтамабіль польскіх актывістаў, якім яны прыехалі ў Менск на канцэрт, зладжаны амбасадай, дагледзелі ўвечары 25 лютага. Кіроўцу Антону Борысу, брату Анжалікі Борыс, які чакаў Юзафа Пажэцкага і Андрэя Пачобута, супрацоўнікі «Алмазу» прыставілі да галавы пісталет і паведамілі, што ў машыне перавозіцца зброя, аднак знайшлі й канфіскавалі 58 асобнікаў часопісу «Magazyn Polski na uchodzstwie». Машыну даставілі ў пастарунак, дзе на Борыса й Пачобута склалі пратакол.

У Казлоўшчыне

У мястэчку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну ўчастковы 24 лютага сарваў абвесткі пра сустрэчу зь Мілінеквічам, хоць яны віселі на дошцы абвестак.

У Вялейцы

У Вялейцы 25 лютага накоратка затрымалі Міколу Суслу, які раздаваў гараджанам улёткі А.Мілінкевіча і газэту «Народная воля».

У Калінкавічах

Распаўсюднікаў агітацыйнай прадукцыі Мілінкевіча ў Калінкавічах Дзяніса Рабянка і Аляксея Маневіча накоратка затрымалі 26 лютага і сканфіскавалі 107 буклетаў. Перад затрыманьнем невядомы ў цывільным заклікаў гараджанаў біць агітатараў.

У Бабруйску

26 лютага ў Бабруйску падчас распаўсюду ўлётак Мілінкевіча і «Народнай волі» накоратка затрымалі моладзевых актывістаў Дзяніса Шэйка і Алеся Чыгіра: з пастарунку іх выпусьцілі пасьля праверкі ўлётак і газэты.

На Берасьцейшчыне

Аўтамабілі з агітацыйнай прадукцыяй Мілінкевіча 27 лютага спынялі на шашы Берасьце—Пінск некалькі разоў.

Зьбіцьцё юнака

У Белаазёрску за графіці 26 лютага затрыманы моладзевы актывіст Арцём Говін. У райаддзеле міліцыі хлопца зьбілі, і ён патрапіў у больніцу з страсеньнем мозгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?