Данута Валэнса — жонка першага прэзідэнта Польшчы, што перад гэтай высокай пасадай быў лідэрам апазіцыйнага руху «Салідарнасць», напісала кнігу аўтабіяграфічных успамінаў. Валэнсова ўвесь час асацыявалася з «хатняй курыцай», бо не выходзіла за межы славутага «жаночага» трыкутніка (кухня, дзеці, царква) . У сваёй жа кнізе яна першая з жонак былых апазіцыйных дзеячаў задаецца пытаннем: а ці была грамадская дзейнасць яе мужа этычнай з пункту гледжання іх сям’і?

Ці мог ён перакінуць на плечы жонкі не толькі цяжар выхавання дзяцей, але яшчэ і псіхалагічны, звязаны з ягонай апазіцыйнасцю:
у сацыялістычнай Польшчы Валэнса адседзеў не адзін турэмны тэрмін.
Сучасная Беларусь таксама багатая на вязняў сумлення, адзіным «грахом» якіх з’яўляецца нязгода з дзяржаўнай палітыкай.

Але гэтая праблема ў Беларусі мае шэраг дадатковых асаблівасцяў.

Валэнса меў у Польшчы маральную падтрымку большасці сваіх суграмадзян.
Нашае ж постсавецкае грамадства баіцца якой-кольвек праявы ініцыятывы, бо за яе спрадвеку каралі. Не адно пакаленне вырасла паводле прынцыпу «Не выхіляйся, абы чаго не выйшла».
Разам з тым, большасць беларусаў прывыкла асуджаць сваіх ініцыятыуных суайчыннікаў.
Або ніяк не рэагаваць на іх, быць абыякавымі.

Праз усё вышэйузгаданае беларусы мала схільныя верыць у нейкія аўтарытэты, тым больш тыя, што вызнаюць нейкія незразумелыя для іх каштоўнасці. Палітыка ж — першы такі абшар, дзе не толькі ўлада не мае ўяўлення пра існаванне нейкай этыкі, нормаў, прынцыпаў, але і шараговыя беларусы. Ды і не надта яны задаюцца такімі пытаннямі, абы чаго не выйшла.

Для некаторых нязломнасць палітвязняў у турме — праява гераізму, якім трэба ганарыцца.
І яно сапраўды так ёсць.
Але цэняць яго адзінкі, і зменіцца не адно пакаленне, пакуль прагматычная ды прыземленая беларуская большасць асэнсуе вартасць нязломнага сумлення
і асабістага гонару чалавека, які хоча быць свабодным.
Таму, быць можа, варта людзям, што хочуць называцца беларускімі палітыкамі, перастаць мерыць свой унёсак у беларускую справу працягласцю турэмнага зняволення.
Калі ёсць магчымасць скараціць яго, нават падпісаўшы прашэнне да сумнавядомай асобы, што на вялікі жаль трымае пад сваім кантролем Беларусь — варта падпісаць. Нічога ганебнага ў гэтым няма.
Паперка не азначае змены перакананняў.
Алесь Міхалевіч ёсць тут яскравым прыкладам. Затое хуткае вызваленне азначае пагаджэнне хоць у нейкай ступені інтарэсаў сем’яў палітзняволеных і… ўсяго беларускага грамадства. Для апошняга таксама было б больш прадуктыўным, каб замест нейкіх незразумелых (на жаль) для большасці ўчынкаў, Саннікаў, Статкевіч, Бандарэнка і іншыя былі на волі і дзяліліся сваімі поглядамі з як мага большай колькасцю суграмадзян. Беларускія турмы — не Бастылія, сучасныя беларусы — не французы. Здаецца, гэтае сцверджанне не трэба нікому даказваць і тлумачыць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?