Чаму ўрад вырашыў зьвярнуцца па велізарны крэдыт і чаму менавіта да Расеі?

Непасрэдная прычына ляжыць на паверхні. Колькі б ні рабілі наверсе добрую міну, насамрэч у эканоміцы і фінансах справы дрэнь. Без замежных грошай дзіркі не залапіш.

Захад жа і нават "ідэйна блізкія" сябры з мусульманскага сьвету ці Кітаю на такія вялікія грошы зь Менскам не гуляюць. Бо зважаюць на спэцыфіку нашае мадэлі. Калі на тое, дык у краіны дасюль няма нават сувэрэннага крэдытнага рэйтынгу. І на прыстойны — спадзявацца наіўна.

"У Расеі ж грошай шмат, — кажа незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук, — але пытаньне ў тым, на якіх умовах дадуць".

Ён дапускае, што празь некалькі гадоў Беларусь, кіраўніцтва якой дасюль ганарылася малой вонкавай запазычанасьцю, можа апынуцца ў даўгах як у шаўках.

Самае ж прыкрае, што грошы кідаюцца ў старую топку. Урад ня можа перасягнуць празь сябе ды пайсьці на лібэралізацыю.

Такія самыя памылкі рабілі некалі Новая Зэляндыя, Карэя, Тайлянд, нагадвае Раманчук. І непазьбежна надыходзіла расплата. У іх там гэта вылівалася ў абвал фондавага рынку. У нас лясьнецца курс, пойдуць у галёп цэны.

"Беларусь рызыкуе пакласьці галаву ў пашчу расейскага фінансавага льва", — рэзюмуе экспэрт.

Такім чынам, анансаваны Рару etc. "палёт на двух крылах" можа завяршыцца, так і не пачаўшыся. Пасьля столькіх праклёнаў расейскаму імпэрыялізму, столькіх пагрозаў садраць тры скуры за усе віды транзыту ды іншыя паслугі — афіцыйны Менск ідзе на паклон. Пазычце, панове імпэрцы, гордай рэспубліцы! (Расейскі міністар Грэф зьдзекліва зазначыў, што просьба "мае права на існаваньне".)

Зразумела, свайго меркаваньня наконт драпежніцкіх замашак Крамля наша начальства не зьмяніла. Алё ёсьць надзея нейкімі хітрыкамі пазьбегнуць іклаў.

Гульня з прысмакам авантуры — стыхія Лукашэнкі. Мэнтальна ж Крэмль значна бліжэйшы, чым Захад зь ягонымі закідонамі датычна дэмакратыі ды правоў чалавека. Вось там толькі саступі... Варта аднаму кіпцю загрузнуць — прапала птушачка!

Але расейскі крэдыт скончыцца, і эканамічныя праблемы яшчэ мацней возьмуць за горла. Экспэрты кажуць пра год-паўтара. А далей... Пагроза выступаў раззлаванага электарату можа аказацца лепшым стымулам да пераменаў, чым як рэцэпты МВФ ці ўшчуваньні ван дэр Ліндэна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?