Як паведамілі ў ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр», 5 лютага пачынаючы з 14.45 былі збоі ў працы каналаў сувязі, арганізаваных правайдарамі міжнародных плацежных сістэм Visa і МаsterCard.

«Гэтыя збоі ніяк не звязаныя з прафілактычнымі работамі, што праводзіліся ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр» у ноч з 4 на 5 лютага, пра якія банкі былі своечасова праінфармаваныя», — падкрэслілі ў працэсінгавым цэнтры.

Паводле звестак спецыялістаў цэнтра, 6 лютага з 6.22 і па зараз канал з міжнароднай плацежнай сістэмай VISA працуе стабільна.

У працы канала з міжнароднай плацежнай сістэмай МasterCard па гэты час назіраюцца перабоі.

«Вышэйапісаныя тэхнічныя праблемы не адносяцца да зоны адказнасці прадпрыемства ААТ «Банкаўскі працэсінгавы цэнтр», — падкрэслілі ў цэнтры.

Праблем з абслугоўваннем банкаўскіх картак унутранай плацежнай сістэмы «БелКарт» зафіксавана не было. Аперацыі па банкаўскіх картках плацежнай сістэмы «БелКарт» апрацоўваюцца ў штатным рэжыме.

Паводле звестак Нацбанка, у Беларусі колькасць пластыкавых картак, што знаходзяцца ў абыходжанні, павялічылася за 2011 год на 6,7% — да 9,863 млн. штук на 1 студзеня 2012 года. У тым ліку 4,382 млн. картак сістэмы «БелКарт», 5,482 млн. картак міжнародных плацежных сістэм.

Паводле звестак на 1 студзеня 2012 года ў Беларусі ўстаноўлена 3,317 тыс. банкаматаў, 3,191 тыс. інфакіёскаў і 80 імпрынтараў, 25,747 тыс. арганізацый гандлю (сэрвісу) аснашчаны 40,729 тыс. плацежных тэрміналаў.

На 1 студзеня 2012 года 24 банкі Беларусі эмітавалі пластыкавыя карткі ўнутраных, міжнародных і ўнутраных прыватных плацежных сістэм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?