Аляксандр Лукашэнка лічыць, што на працягу года-паўтара ўзровень заработнай платы насельніцтва можа вярнуцца на дакрызісны ўзровень. Такое меркаванне ён выказаў 6 лютага, прымаючы з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банка Надзею Ермакову, паведамілі БелТА ў прэс-службе.

«Пры нармальным функцыянаванні эканомікі, і калі нармальна будуць дзейнічаць працоўныя калектывы, мы на працягу года-паўтара не проста вернемся на ранейшыя пазіцыі па заработнай плаце людзей, але мы можам іх і перасягнуць, — сказаў ён. — У нас ёсць магчымасць зарабіць нармальныя грошы для таго, каб людзі адчулі паляпшэнне жыцця, і гэта ўжо адбываецца. І я лічу, што калі мы нармальна выйдзем з гэтай няпростай зімы, я маю на ўвазе, каб не давялося перасяваць пасевы з-за маразоў і гэтак далей, то мы знойдзем гэтыя грошы».

«Але мы ні ў якім выпадку не павінны друкаваць грошы, гэта абсалютна выключана», — падкрэсліў ён.

«Павінен сказаць, што пакуль нядрэнна працуеце з банкірамі і ўрадам у плане выканання тых праграм, якія мы намячалі, для таго каб стабілізаваць абстаноўку», — адзначыў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сітуацыя цяпер у эканоміцы краіны стабільная. Аляксандр Лукашэнка звярнуў таксама ўвагу на высокую стаўку банкаў па крэдытах, якія выдаюцца.

«Вельмі дарагія крэдытныя рэсурсы. Эканоміка, зразумела, цярпець такую сітуацыю з крэдытамі доўга не можа, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Таму стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка паціху павінна зніжацца. Мы павінны даваць і сігналы нармальныя эканоміцы нашай краіны, суб’ектам гаспадарання, ды і фактычна стаўка павінна быць ніжэйшай, таму што пры цяперашняй гаварыць аб якім-небудзь інтэнсіўным развіцці эканомікі нельга».

Лукашэнка паставіў задачу ўсёй банкаўскай сістэме кантраляваць эфектыўнае выкарыстанне крэдытных рэсурсаў, падкрэсліў, што крэдытныя грашовыя сродкі павінны выдавацца толькі на эфектыўныя праекты.

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў гэтым годзе ўсе павінны забыць, што на крэдытаванне могуць выкарыстоўвацца эмісійныя грошы.

На сустрэчы былі таксама разгледжаны іншыя пытанні функцыянавання Нацыянальнага банка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?