Беларускія ўлады не мелі дачынення да фінансавання кампаніі па выбарах прэзідэнта, якую праводзіла ў 2010 годзе грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», заявіў лідар кампаніі, экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.

Расійскі палітолаг Андрэй Суздальцаў у артыкуле «Байкот», размешчаным на сайце politoboz.com, сцвярджае, што «цэлы шэраг кандыдатаў у прэзідэнты выбараў 2010 года пасля наведвання Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі атрымалі фінансаванне ад беларускіх уладаў праз Літву і Украіну».

Як растлумачыў Суздальцаў БелаПАН, гэтыя звесткі ён атрымаў «з апытанняў розных людзей, якія бралі ўдзел у выбарчай кампаніі». Паводле яго слоў, візіты ў Адміністрацыю прэзідэнта ажыццяўлялі не ўсе кандыдаты, але «ёсць падставы» сцвярджаць, што сярод іх былі Уладзімір Някляеў і Андрэй Саннікаў.

Суздальцаў мяркуе, што «значная частка» выбарчых кампаній некаторых кандыдатаў у прэзідэнты фінансавалася праз пэўныя схемы з «дзяржаўных крыніцаў». Паводле яго слоў, улада была зацікаўлена ва ўдзеле апазіцыйных кандыдатаў, таму што гэта садзейнічала яе легітымізацыі.

Уладзімір Някляеў назваў сур’ёзным абвінавачанне Суздальцава ў наведванні падчас выбарчай кампаніі Адміністрацыі прэзідэнта.

«Для мяне незразумелыя такія сцвярджэнні. Я б папрасіў Суздальцава паказаць дакументальныя пацвярджэнні гэтага факта: здымак з Адміністрацыі прэзідэнта, адпячаткі пальцаў на шклянцы, з якой я піў з кіраўніком адміністрацыі Уладзімірам Макеем, або нешта штосьці больш істотнае, чым галаслоўная заява», — сказаў палітык.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?