Аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя распаўсюдзіў зварот да незалежных дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый Беларусі.
БХД прапануе «незалежным дэмакратычным сілам, усім грамадзянам Беларусі, якія выступаюць супраць існуючага рэжыму, правесці сумесныя сходы дэмакратычных актывістаў і грамадзян ва ўсіх рэгіёнах.На сходах вызначыць фармат правядзення сумеснай палітычнай кампаніі 2012 году
і вылучыць дэлегатаў на Усебеларускі Народны З’езд»,які прапануецца правесці да канца красавіка. Пра гэта піша bchd.info.
Яго асноўная задача — зацвердзіць супольны, адзіны для ўсіх дэмакратычных сілаў краіны, план выбарчай кампаніі.
Паводле БХД, толькі «звычайныя грамадзяне, якія нічога не атрымліваюць ад закулісных гульняў прадстаўнікоў апазіцыі і ўлады», здольныя паўплываць на сітуацыю. «Таму супольную стратэгію павінны вызначаць шараговыя актывісты, а не лідары, якія ўрэшце павінны пачаць улічваць меркаванні людзей на месцах».
Няясна толькі, як БХД зацвердзіць «адзіны для ўсіх» план, калі правядзе з’езд пад гучнай назвай у адзіночку.Калі нехта сапраўды хоча адзінства дзеянняў, той стараецца дасягнуць кампрамісу. Сцэнар жа, прапанаваны кімсьці з БХД, прывядзе проста да новага драблення.
«Усебеларускі Народны З’езд» магчымы толькі як адзіная трыбуна для грамадзянскай супольнасці і ўсёй апазіцыі, а не як ініцыятыва самой адной БХД.
Грамадзяне без лідараў будуць проста няздольныя да самаарганізацыі.