16 сакавіка на сцэне Палаца культуры прафсаюзаў адбудзецца прэм’ера спектакля «Людзі на балоце» Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр-пастаноўшчык- Аляксандр Гарцуеў, мастак-пастаноўшчык — Ігар Анісенка, кампазітар — Дзмітрый Фрыга.

У аснову спектакля пакладзены першыя дзве кнігі «Палескай хронікі» Івана Мележа — «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы».

— Мне здаецца, што гэта адзін з найлепшых узораў літаратуры, — лічыць рэжысёр Аляксандр Гарцуеў. — Час напісання раманаў — 60-я гады. Час дзеяння — яшчэ далейшы. Але апісаныя там падзеі нагадваюць мне 90-я гады, пералом эпох, калі старая ўлада адышла, а новая яшчэ не прыйшла — такі ж самы захоп уласнасці, такія ж мары пра светлае будучае і новае жыццё. Старая інсцэніроўка была добрая, але адпавядала толькі свайму часу — у ёй было шмат соцыума, але мала кахання. Я зрабіў наадварот, каб быць бліжэй да людзей, таму галоўнае месца ў спектаклі займае трохкутнік Васіль — Ганна — Яўхім.

У спектаклі занятыя:

Раман Падаляка, Аляксандр Паўлаў, Вікторыя Чаўлытка, Валянціна Гарцуева, Павел Харланчук, Арцём Бародзіч, Генадзь Аўсяннікаў, Сяргей Краўчанка, Наталля Качаткова, Тамара Міронава, Генадзь Гарбук, Аляксандр Падабед, Зоя Белахвосцік, Алена Сідарава і інш.

***

Трылогія Івана Мележа мае багатую сцэнічную гісторыю. У 1966 годзе Аляксандр Гутковіч паставіў трохсерыйны тэлеспектакль «Людзі на балоце», у якім роль Васіля, дарэчы, сыграў акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Генадзь Гарбук.

У тым жа годзе Барыс Эрын, Зінаіда Браварская і Галіна Уладамірская паставілі «Людзей на балоце» ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Васіля ў спектаклі зноў сыграў Генадзь Гарбук, Ганну — Лілія Давідовіч, а Аляксандр Гарцуеў выканаў ролю Міканора. Спектакль ішоў 19 год. У фільме Віктара Турава «Людзі на балоце» (1981 год) Генадзь Гарбук іграў ужо бацьку Ганны, Аляксандр Гарцуеў — Ларывона, а Лілія Давідовіч — Глушачыху.

Да гэтых раманаў звярталіся і ў Гомельскім абласным тэатры, дзе ў 1977 годзе быў пастаўлены спектакль «Подых навальніцы», а ў 1989 годзе спектакль «Жарсці эпохі» (па трэцяй частцы «Палескай хронікі» «Завеі, снежань»).

У 2011 г. Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа прадставіў гледачам літаратурна-музычную кампазіцыю па матывах рамана «Людзі на балоце».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?