Корбан кінуў выклік Лябедзьку
Старшыня моладзевай фракцыі АГП «Маладыя дэмакраты» паведаміў аб вылучэнні на пасаду старшыні партыі. Яго выпусцілі з турмы трохі раней за астатніх: сярод такіх былі таксама Рымашэўскі, Паўлаў, Міхалевіч і Кобец.
У сваім звароце да паплечнікаў, апублікаваным у Фэйсбуку, Алег Корбан адзначыў:
«Улічваючы сітуацыю ў АГП з нязменным кіраўніцтвам старой каманды, ігнараваннем з яе боку ідэйных прапановаў і заўвагаў іншых сябраў партыі, а таксама адсутнасцю паўнавартай працы дзеля дасягненняў мэтаў АГП, лічу слушным зарэгістравацца кандыдатам на вышэйшую партыйную пасаду».
Алег Корбан абяцае абнаўленне і амаладжэнне каманды АГП, прапануе «Маладым дэмакратам» пераняць кіраўніцтва ў партыі.
Такім чынам Алег Корбан кідае выклік дзейнаму старшыні партыі Анатолю Лябедзьку, які кіруе Аб’яднанай грамадзянскай партыяй ад 2000 года.
З’езд пройдзе ўвесну.
Алег Корбан нарадзіўся ў 1985 г. Пачаў займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю ў 15 год. Скончыў машынабудаўнічы ліцэй. Потым навучаўся ў Міжнародным гуманітарным эканамічным інстытуце. У 2007 г. быў пакараны штрафам у рамках крымінальнай справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі — «Маладым фронце». Удзельнічаў у выбарчай кампаніі Яраслава Раманчука. Пасля выбараў быў арыштаваны, праходзіў па справе «масавых беспарадкаў». Яго выпусцілі з турмы трохі раней за астатніх: сярод такіх былі таксама Рымашэўскі, Паўлаў, Міхалевіч і Кобец. Міхалевіч і Кобец пазней прызналіся, што ўмовай узамен за выхад на свабоду была вярбоўка ў якасці сексотаў, і выехалі за мяжу.
У жніўні 2011 крымінальная справа супраць Корбана была спыненая. У студзені 2011 г. яго абралі старшынём «Маладых дэмакратаў»
Радыё «Свабода»; МБ
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ