Пры адсутнасці росту прадукцыйнасці працы кіраўнікі прадпрыемстваў і дзяржорганаў Беларусі не будуць атрымліваць прэміі,
заявіў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч.

«Прапаную запісаць наша рашэнне: пры адсутнасці росту прадукцыйнасці працы прэміі і бонусы кіраўніцтву прадпрыемстваў, а таксама дзяржорганаў не выплачваюцца ні пры якіх умовах», — сказаў прэм’ер-міністр. Ён нагадаў, што адной з галоўных задач, пастаўленых на гэты год, з’яўляецца рост даходаў насельніцтва. Урад павінен забяспечыць яе выкананне на якаснай аснове за кошт стварэння новых і мадэрнізацыі дзеючых рабочых месц і толькі ў жорсткай увязцы з прадуктыўнасцю працы.

Міхаіл Мясніковіч нагадаў, што сёлета ў Беларусі павінна быць адноўлена пакупная здольнасць насельніцтва, рэзка скароціцца інфляцыя. Базавыя ўмовы для гэтага — эфектыўная манетарная і валютная палітыка. «Грашовая маса павінна адпавядаць створанаму валавому прадукту, а валютны курс вызначацца попытам і прапанаваннем, — падкрэсліў ён. Гэтыя прынцыпы ў 2012 годзе і далей будуць няўхільна рэалізоўвацца. Усялякае пажаданне атрымаць на працягу года штосьці, звыш прадугледжанага і ўзгодненага, выключаецца».

Для мадэрнізацыі эканомікі патрэбны рэсурсы і капітал, адзначыў прэм’ер-міністр.

«Унутры краіны грошай мала і яны аб’ектыўна дарагія. Мы падлічылі: пры мінімальнай патрэбнасці інвестыцый у 2012 годзе ў $15 млрд. наша банкаўская сістэма здольна забяспечыць не больш як трэць і пад вялікія працэнты,
 — канстатаваў ён. Уласных крыніц у прадпрыемстваў і ў бюджэце таксама не хапае. Іх сукупны аб’ём на інвестыцыйныя мэты ацэньваецца па году ў $8 млрд.». Знешнія пазыкі створаць праблемы ў наступныя гады, таму важнейшай задачай з’яўляецца прыцягненне ў Беларусь прамых замежных інвестыцый.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?