Першы «мінус‑бал» ад мяне на адрас А. Вайтовіча і руху «Супрацоўніцтва і прагрэс», а таксама А. Казуліна і Сацыял‑дэмакратычнай партыі «Грамада».

Гэтыя палітыкі накіравалі прывітальны ліст на адрас зьезду партыі «Справедливая Россия: Родина / Пенсионеры / Жизнь» — крамлёўскага праекту і партыі‑малодшага брата «Едіной Россіі». Дэ‑факта ня партыі, а паліттэхналягічнага голему, закліканага ствараць плюралістычныя дэкарацыі на расейскай палітычнай сцэне. У праграме СР на першым пункце — падтрымка палітыкі дарагога таварыша Пуціна, на другім — «жорсткая барацьба» і «непрымірымая апазыцыя» да партыі ўлады «Едіная Россія», якая падтрымлівае палітыку таварыша Пуціна гэтаксама моцна, як і «Справедлівая Россія». Журналісцкі штамп пра «нанайскіх хлопчыкаў» у дачыненьні да гэтай сытуацыі ўжо стаў дурным тонам.

У звароце ад беларускіх палітыкаў гаворыцца:

«Цели и задачи партии «Справедливая Россия» близки и понятны нам. Они отвечают интересам российского народа и его соседей.»

Скажам так, асабіста я не падзяляю пазыцыі, што адсутнасьць дэмакратыі ў Расеі адпавядае інтарэсам расейскага народа і яго суседзяў. Тым болей двухсэнсоўна гучыць фраза пра тое, што «мэты і задачы» партыі‑балванкі «блізкія» беларускім апазыцыйным дэмакратычным палітыкам.

Зразумелае жаданьне беларускіх апазыцыянэраў прыцягнуць Крэмль на свой бок, каб расейская дзяржава нарэшце пераканалася ў неабходнасьці аднаўленьня дэмакратыі і канстытуцыйнага парадку ў Беларусі. Але фліртуючы з «Едіной», «Справедлівой» і іншымі галовамі недэмакратычнага крамлёўскага «Змея‑горыныча» яны робяць абсалютна тое ж самае, чым дзесяць гадоў займаецца сама Расея: публічна і дэманстратыўна зачыняюць вочы на недэмакратычнасьць суседзкага рэжыму дзеля дасягненьня ўласных унутрыпалітычных мэтаў. Публічна забываюцца пра самаахвярнасьць Алега Казлоўскага, Ольгі Ўласавай, Эдуарда Глезіна, Екацярыны Вінакуравай, Нікалая Збарашэнкі і іншых расейскіх актывістаў, якія разам зь беларусамі і за свабоду Беларусі стаялі на Пляцу Каліноўскага, сядзелі ў турме пасьля разгрому намётавага мястэчка, ці вярталіся ў Беларусь, каб замест сваіх беларускіх сяброў адсядзець пятнаццаць сутак за несанкцыянаваны пікет. Расейскія дэмакраты ад самога пачатку падтрымлівалі барацьбу супраць дыктатуры ў Беларусі. А цяпер спачатку Аляксей Марачкін не знаходзіць мейсца для расейскага трыкалёру на сваёй нашумеўшай карціне, а потым «Супрацоўніцтва і Прагрэс» і «Грамада» пішуць прывітальны ліст на адрас крамлёўскаму палітголему. Нядобрая тэндэнцыя, ад якой трэба адмаўляцца.

Ёсьць меркаваньне, што палітыка — брудная справа. Таксама ёсьць меркаваньне, што бруднай справай палітыку робяць брудныя людзі. Перамовы з Крамлём трэба весьці кулюарна і закрыта. Адкрытая дэманстрацыя «блізкасьці і разуменьня» антыдэмакратычнай крамлёўскай палітыкі — гэта патыхае ўласнай недэмакратычнасьцю, а таму і здрадай нацыянальным інтарэсам — у адрозьненьне ад элегантнага ліста Аляксандра Мілінкевіча да Лукашэнкі. Будзем спадзявацца, што гэта тактычная памылка, якая больш не паўторыцца.

Алесь Чайчыц, pozirk.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0