Каля 1000 чалавек штодня атрымліваюць бясплатна гарачую гарбату. «Нашых валанцёраў можна сустрэць у месцах масавага збору людзей: на вакзалах, рынках, канчатковых прыпынках грамадскага транспарту, — кажа старшыня Магілёўскага БТЧК Андрэй Нікіцін. — Іх лёгка заўважыць па вопратцы з нашай сімволікай. Валанцёры пачастуюць гарачым пітвом усіх ахвотных».

Як растлумачыў Андрэй Нікіцін, у арганізацыі вырашылі дапамагчы ўсім, хто вымушаны доўгі час знаходзіцца на вуліцы. Палатка валанцёраў БТЧК пастаянна знаходзіцца на аўтавакзале. Мабільныя групы ездзяць па горадзе, спыняючыся на канцавых тралейбусаў № «2», «4» і «5». «У валанцёраў ёсць з сабой тэрмасы, аднаразовы посуд, — пералічвае Андрэй Аляксандравіч. — Асаблівую ўвагу сябры БТЧК звяртаюць на бяздомных: для іх у нас ёсць асобная праграма дапамогі».

Асобам без пэўнага месца жыхарства ў маразы асабліва цяжка. Таму таварыства Чырвонага Крыжа адмыслова для іх закупляе еду ў сталоўках горада, збірае цёплую вопратку, аказвае медыцынскія паслугі. З пачатку халадоў па дапамогу ў Чырвоны Крыж звярнулася каля 200 тых, хто жыве ў нястачы. Усе яны атрымалі неабходную дапамогу.

Саграваць гараджан гарбатай і цёплымі рэчамі валанцёры Магілёўскага БТЧК будуць да заканчэння халадоў. Паводле прагнозаў сіноптыкаў, моцныя маразы не адступяць да канца лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?