«Пасля таго, як журналісты зацікавіліся нашай праблемай, да нас у палату сталі прыходзіць цэлыя дэлегацыі медыкаў і тэхперсаналу, — распавёў "IP" былы пацыент палаты № 311 неўралагічнага аддзялення Сяргей Гоўша. — Нам ачысцілі ад лёду і наноў заляпілі вокны, дадалі ў батарэі цеплыні і нават паправілі прыбіральню. А на наступны дзень, пасля таго, як у нас з праверкай пабывалі работнікі санстанцыі, усіх хворых перавялі ў іншую палату, дзе топяць лепей ...»
Як пацвердзіў Intex-press галоўны дзяржаўны санітарны ўрач г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна Сяргей Плескацэвіч, 8 лютага супрацоўнікі ДУ «Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» правялі замеры тэмпературы і вільготнасці паветра ў некалькіх палатах гарадской бальніцы.
Па словах Сяргея Плескацэвіча, парушэнні санітарных правіл былі выяўленыя толькі ў адной 311-й палаце неўралагічнага аддзялення. Пры гэтым тэмпература паветра ў палаце адпавядала норме — +18 градусаў, а вось узровень вільготнасці перавышаў дапушчальныя 60%.
«Цяпер пацыентаў, што знаходзіліся там, перамясцілі ў іншую палату, а палата № 311 будзе выкарыстоўвацца толькі пасля давядзення ў ёй параметраў мікраклімату да нормы, — распавёў Сяргей Плескацэвіч. — У бліжэйшы час супрацоўнікі нашага Цэнтра працягнуць кантраляваць сітуацыю ў шпіталі».





