Сёньня польская пракуратура выставіла абвінавачаньне генэралу Паўлу Бяляўнаму, намесьніку начальніка Бюро аховы ўраду, у рамках расьсьледаваньня авіякатастрофы пад Смаленскам 10 красавіка 2010 году.
Генэрал Бяляўны абвінавачваецца ў невыкананьні службовых абавязкаў падчас падрыхтоўкі палёту прэзыдэнцкага Ту-154М і дапушчэньні хлусьлівай інфармацыі ў афіцыйным дакумэнце. Пракуратура не паведамляе дэталяў, інфармуючы толькі, што Бяляўнага абвінавачваюць яшчэ ў адсутнасьці належнага нагляду за дзеяньнямі па забесьпячэньні палёту першых асобаў дзяржавы.
Бяляўны, паводле паведамленьня пракуратуры, не прызнаў сваёй віны і адмовіўся даваць тлумачэньні.
Учора Бяляўны быў звольнены міністрам унутраных справаў са сваёй пасады ў Бюро аховы ўраду.
Бяляўнаму пагражае да трох гадоў пазбаўленьня свабоды.
Раней польскія пракуроры выставілі абвінавачаньне двум афіцэрам, што займалі высокія пасады ў палку транспартнай авіяцыі, у функцыі якога ўваходзіла перавозка першых асобаў дзяржавы.
10 красавіка 2010 году пры спробе прызямленьня на вайсковым аэрадроме пад Смаленскам разьбіўся польскі ўрадавы самалёт. Загінулі 96 чалавек, уключна з прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качынскім.





