Адзін з самых незвычайных аўтараў у гісторыі кіно Аляксандр Сакураў у сваёй новай карціне паўстае перад гледачом і як геніяльны мастак, і як філосаф, што прэтэндуе на геніяльнасць і дазваляе цывілізаванаму чалавецтву зазірнуць усярэдзіну сябе самога.

Ізольда Дзюхаўк у фільме «Фаўст»

Ізольда Дзюхаўк у фільме «Фаўст»

Ёханэс Цайлер у фільме «Фаўст»

Ёханэс Цайлер у фільме «Фаўст»

Фільм Сакурава, падобны да працяглага сну, паступова ператвараецца ў ліпкі кашмар, пакідае ўражанне хутчэй вялікага і магутнага музычнага твора, чым традыцыйнага кінафільма.
«Фаўст» Сакурава стаў годным завяршэннем праекта пра знакамітых кіраўнікоў ХХ стагоддзя: «Малох» -- «Цялец» -- «Сонца». Фільм сам па сабе выглядае як магутны культурны пласт, запоўнены артэфактамі эпох, якія папярэднічалі найноўшаму часу. Прычым, у адрозненне ад творцаў-постмадэрністаў, Сакураў не займаецца гульнёй у нагрувашчанне цытат. Яго стужка -- суцэльны і самастойны твор, паўнавартаснае і абсалютна арыгінальнае аўтарскае выказванне без усялякіх скідак на ўзровень разумення глядацкай залы.

Прастора вялікага твора Ёгана Вольфганга Гётэ з'яўляецца перад гледачом сакураўскага «Фаўста» ў выглядзе геніяльна спланаванага мастацкага хаосу, па якім падарожнічаюць галоўныя героі -- доктар медыцыны з безназоўнага нямецкага гарадка і яго персанальны Мефістофель.
Мефістофель -- жудасная дзіўная істота, якая не столькі спакушае доктара вышэйшай сілай, колькі спадарожнічае таму ў пакутлівых спробах вырвацца за межы штодзённасці. Ці адбываецца гэты выхад у выніку -- зразумець складана. Як усклікае адзін з персанажаў фільма, «час спыніўся». Дакладней, яго спыніў Аляксандр Сакураў, прапанаваўшы ўласную шкалу вымярэння.
Часу ў звычайным разуменні ў фільме сапраўды няма. Дзеянне адбываецца ва ўмоўнай эпосе, адсылаючы сваімі матэрыяльнымі прыкметамі спачатку да часу завяршэння «Фаўста» Гётэ, г.зн. да першай траціны ХІХ стагоддзя. Але будзе цалкам справядлівым сказаць, што гаворка ў фільме ідзе пра ўсіх Фаўстаў і Мефістофеляў, і мінулых, і будучых,
уключаючы не менш знакамітыя, чым твор Гётэ, раманы Томаса і Клаўса Манаў, якія пераасэнсавалі сярэднявечную легенду ўжо ў ХХ стагоддзі.
Не будзем забываць і пра беларускія карані аднаго з «Фаўстаў»: оперу Антонія Генрыха Радзівіла, якую паспеў ацаніць яшчэ сам Гётэ.
Такім чынам, нашая краіна была непасрэдна ўключаная ў арэал пасялення вялікага міфа.

Не варта забываць, што

значнай часткай поспеху ўсёй тэтралогіі Аляксандр Сакураў абавязаны яе выдатнаму сцэнарысту Юрыю Арабаву. Менавіта яго дыялогі і маналогі, а не словы, напісаныя Гётэ, прамаўляюць нямецкамоўныя выканаўцы роляў у «Фаўсце».
«Фаўст» Сакурава калі і з'яўляецца экранізацыяй, то не кнігі Гётэ, а літаратурнага сцэнарыя самога Арабава, кнігі якога відавочна недаацэненыя сучаснікамі.

Дакладна такое ж захапленне выклікае практычна дасканалая праца мастакоў пад кіраўніцтвам Сакурава (аператара-пастаноўшчыка, мастака-пастаноўшчыка, мастака па касцюмах), якія стварылі фантасмагарычны свет, заснаваны на жывапісе вялікіх -- ад Адраджэння да рамантызму. Сам рэжысёр зноў паўстае ў «Фаўсце» як вялікі майстар працы з карцінкай. Аператарам карціны выступіў вядомы француз Бруно Дэльбанэль. Аднак выяўленчае рашэнне «Фаўста» адсылае да папярэдніх фільмаў Сакурава, які віртуозна валодае мастацтвам выяўляць найтанчэйшыя нюансы колеравай гамы - уменне, уласцівае ўжо не фаўстаўскай, еўрапейскай, а японскай культуры, якой рэжысёр захапляецца ўжо шмат гадоў.

Зрэшты, «Фаўст», як і яго аўтар, у прынцыпе наднацыянальны, нягледзячы на нямецкую гаворку ў кадры і безумоўную аснову еўрапейскай культуры. Дарэчы,

расійскі матыў, нягледзячы на нацыянальную прыналежнасць аўтараў, узнікае ў фільме толькі адзін раз, як відавочна чужародны, у выглядзе абсалютна гогалеўскага эпізоду з расійцам, што кіруецца ў Парыж.
Будзе нядзіўна, калі рэжысёр звернецца да творчасці аўтара «Мёртвых душ» - шырата фантазіі Гогаля і Сакурава абсалютна супастаўная.

Але галоўная дзіўная ўласцівасць «Фаўста», як і ўсіх астатніх фільмаў Аляксандра Сакурава, заключаецца ў іншым. З усіх існых кінасусветаў сусвет Сакурава -- самая паралельная, у сваім арыгінальным выглядзе практычна не датыкальная з астатнім прастора сучаснага кіно. У яе можна зазірнуць, але прыняць яе цалкам немагчыма толькі таму, што ў ёй дзейнічаюць прынцыпова іншыя законы, законы неэўклідавай геаметрыі.

Зразумець «Фаўст» і разабрацца ў ім можна, але прыняць -- ні ў якім выпадку, проста таму, што логіка свету Сакурава не падыходзіць для свету, размешчанага перад экранам.

Сакураў спрабуе спасцігаць свет не толькі на інтэлектуальным, але і на інтуітыўным, мастакоўскім узроўні, шмат у чым адмаўляючыся ад звыклага для большасці пазітывізму. Кожны глядач пры гэтым мае права прапаноўваць свае канцэпцыі «Фаўста», але толькі першапачаткова прызнаючы прынцыповую рацыю погляду гэтага дзіўнага аўтара. «Фаўст» нельга проста паглядзець, яго трэба перажыць разам з яго стваральнікам.

Для беларускага кінапракату паказ «Фаўста» (а пасля Мінска паказы фільма Сакурава запланаваныя ў Брэсце, Гродне і Магілёве) стаў вялікай падзеяй, хутчэй іміджавай, а не камерцыйнай акцыяй.

У фінале фільма Фаўст, або, калі хочаце, Фаўстус, ужо вызваліўся ад непатрэбнага яму, як выявілася, Мефіста, і выпраўляецца скараць сваю чароўную гару, а шматлікія гледачы выходзяць з залы з адзіным жаданнем -- перачытаць Гётэ і перагледзець усю тэтралогію Сакурава, першы фільм якой убачыў свет у 1999 годзе.
Рэдкі па цяперашнім часе выпадак, калі кінатэатр перакрочвае межы атракцыёну, не так забаўляючы свет, як спрабуючы ўздзейнічаць на яго.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?