Сучасны кіраўнік акрамя наяўнасці лідарскіх якасцей і кіраўніцкіх здольнасцей павінен быць патрыётам сваёй краіны. Такое меркаванне выказаў сёння ў Мазыры першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў. Ён прымае ўдзел у абласным адукацыйным форуме для асоб, уключаных у перспектыўны кадравы рэзерв рэгіёну.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, Аляксандр Радзькоў адзначыў, што будучае Беларусі знаходзіцца сёння ў руках маладых. Створаная ў рэспубліцы сістэма падрыхтоўкі кадраў накіравана на тое, каб шэрагі кіраўнікоў пастаянна папаўняліся за кошт таленавітай моладзі. «Таму вам трэба ўжо зараз быць гатовымі ўзяць на сябе адказнасць за лёс калектыву або той групы людзей, якімі вам давераць кіраваць», — падкрэсліў ён.

Як вядома, перспектыўны кадравы рэзерв фарміруецца са студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў і спецыялістаў ва ўзросце да 31 года, якія валодаюць лідарскімі і арганізатарскімі задаткамі, маюць здольнасці да кіраўніцкай дзейнасці. Каб гэтыя здольнасці развіць, маладыя людзі павінны пастаянна павышаць свой інтэлектуальны ўзровень, лічыць першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Яны павінны ўмець не толькі расці па службовай лесвіцы, але і даць магчымасць падначаленым працаваць якасна ў адпаведнасці з іх здольнасцямі. Сучасны кіраўнік павінен быць таксама цікавым чалавекам, напрыклад, мець яшчэ нейкае захапленне ў жыцці, акрамя асноўнай работы. Вельмі важна валодаць замежнай мовай. «Беларусь з’яўляецца цэнтрам Еўропы, таму нам трэба ўмець гандляваць, абменьвацца тэхналогіямі, развіваць міжнародныя кантакты ў цэлым», — адзначыў Аляксандр Радзькоў.

А самае галоўнае, у сапраўднага кіраўніка павінен быць стрыжань і разуменне таго, што «тут яго зямля, тут яго радзіма, адным словам, ён павінен быць патрыётам сваёй краіны», канстатаваў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?