У расейскага слова «общаться» няма простага аналага ў беларускай мове (як і ў ангельскай ці французскай). Яго сэнс перадаюць дзеясловы «кантактаваць» і «камунікаваць», у апошні час прыжыўся прастамоўны варыянт «кантАчыць». На гэтае дзеянне мы яшчэ кажам «таварышаваць», «стыкацца», «меркавацца».

Адзін з чытачоў «Нашай Нівы» прыслаў ліст: нам бы адрадзіць старабеларускае слова «абцаваць», піша ён. Яго можна масава знайсці ў тэкстах XVI стагоддзя і ў слоўніках, лексіконах Зізанія, Памвы Бярынды, Насовіча.
«Як вам слова «абцаваць»?» — запыталіся мы ў знаўцаў мовы Пётры Садоўскага, Вінцука Вячоркі і Аляксандра Лукашанца.

Пётра Садоўскі: Слова «абцаваць», па-мойму, — гэта даволі барбарыстычны палянізм (бо ў выніку фанетычных прыпадабненняў страцілася відочная сэмантычная матывацыя). Наўрад ці мэтазгодна спрабаваць уводзіць яго у сучасную практыку. Хіба што як гістарызм ці як яшчэ нейкую стылістычную фігуру. Што да «общение», «общаться» — у расійскай мове яны ж не гутарковыя, і не пазбаўленыя пэўнага прафесійнага «флёру». Тут добра падыходзіць беларускае «зносіны» або інтэрнацыяналізм «камунікацыя». І варта заўважыць, што

прамога перакладу і на іншыя еўрапейскія мовы слова «общаться» не мае.

Вінцук Вячорка: Мне здаецца, што найлепшымі сінонімамі тут будзе «камунікаваць» і «кантактаваць», ці, у залежнасці ад кантэксту, «размаўляць».

У 80-ыя з’явілася слова «сумовіцца», разам са словам «сумоўе».
І тады яно эфектыўна ўвайшло ў мову. Што тычыцца слова «абцаваць» — гэта звычайны паланізм.

Аляксандр Лукашанец:

Мне падаецца, што варта выкарыстоўваць словы «гутарыць», «размаўляць».
Прамога перакладу гэтага слова няма, але мне не падаецца вартым вяртаць ва ўжытак слова «абцаваць», бо яно вельмі састарэла. Вяртаць старадаўнія словы можна тады, калі іх сэнс можна адразу зразумець — я б не зразумеў адразу, што значыць «абцаваць», калі б прачытаў гэтае слова.

* * *

Нязвыкла і хораша пра тую самую семему напісаў Юрась Пацюпа.

* * *

А якія варыянты прапануеце вы?
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?