У апошнім нумары «НН» надрукавала адрасы палітвязьняў для допісаў. Сапраўды, любая падтрымка для іх надзвычай патрэбная. Няхай кожны дашле паштоўку, ці ліст. Добрае слова так патрэбна тым, хто зараз за турэмнымі мурамі ці на высылках. Можна ўявіць радасьць вязьняў ды разгубленасьць супрацоўнікаў калёній і хімій, калі да іх паднаглядных будуць несьці паштоўкі ледзь не мяхамі.

Мо ёсьць сэнс распачаць і іншыя акцыі падтрымкі палітвязьняў? Праваабарончыя арганізацыі малі б паспрыяць выхаду спэцыяльных паштовак. Добра было б, каб нейкі нумар «НН» ды «Народнай волі» чытачы атрымалі разам з укладзенымі паштоўкамі, малюнкі да якіх зрабілі мастакі. Кожны чытач здолеў бы зайсьці на пошту ды ўкінуць тую картку ў скрыню. Пагатоў прыклад у гісторыі ёсьць —— Заходняя Беларусь. Тады, пасьля арышту паслоў сойму, разышліся па Крэсах і сьвету паштоўкі з здымкамі арыштаваных, нарабіўшы вялікага шуму.

Згадваецца і вопыт польскай «Салідарнасьці». Падчас вайсковага стану шмат народу патрапіла да лягераў інтэрнаваных. Калі адзін зь лягераў распачынаў галадоўку, праз колькі дзён яе падтрымлівалі й у іншых лягерах дзеля салідарнасьці. Усё гэта рабілася без прымусу і намаўленьняў — кожны рабіў выбар сумленьня сам. Улады тады нічога не маглі зрабіць з сотнямі зьяднаных у адно людзей.

Тое, што ты не адзін, дадае веры і надзеі ў цяжкую хвіліну. І любая аб’яднаўчая акцыя цяперака найперш патрэбна нам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?