Будаўніцтва беларускай АЭС з’яўляецца вельмі важным праектам для Расіі. Такое меркаванне сёння, сустракаючыся са старшынёй дзяржаўнай карпарацыі «Банк развіцця і знешнеэканамічнай дзейнасці (Знешэканамбанк)» Уладзімірам Дзмітрыевым, выказаў Аляксандр Лукашэнка.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, адзін з галоўных праектаў, у рэалізацыі якога Беларусь супрацоўнічае са Знешэканамбанкам, гэта будаўніцтва атамнай электрастанцыі. «Гэта вялікі праект, мы яго пачалі ўжо рэалізоўваць, і хацелася б, каб не было тармажэння, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Цяпер нам трэба паскорана будаваць гэту станцыю. Мы там ужо стварылі ўсю сістэму, інфраструктуру».

«Лічу, што для Расіі будаўніцтва гэтага аб’екта з’яўляецца вельмі важным праектам, асабліва ў гэты перыяд, калі ідзе спрэчка аб неабходнасці атамнай энергетыкі. Гэта для нас і для Расіі вельмі важны праект. Тэхналогіі Расійскай Федэрацыі і нашы магчымасці, будаўніцтва гэтага аб’екта ў Беларусі будуць сведчыць аб тым, што век атамнай энергетыкі будзе прадаўжацца», — сказаў Лукашэнка, адзначыўшы, што абмяркоўваў гэта пытанне ў тым ліку з Прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым і прэм’ер-міністрам Уладзімірам Пуціным.

У сваю чаргу Уладзімір Дзмітрыеў адзначыў, што выбар Знешэканамбанка ў якасці партнёра ў пытанні фінансавання будаўніцтва беларускай АЭС стварае дадатковыя магчымасці для таго, каб усё па частцы банкаўскага абслугоўвання пры будаўніцтве станцыі ішло гладка і без якіх-небудзь затрымак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?