Журналіст «Газэты Выборчай», адзін з лідараў не прызнаванага ўладамі Саюза палякаў Андрэй Пачобут у паперах, прадэманстраваных ва ўчорашнім фільме БТ «Урокі польскай», пазнаў фальшыўкі, якія рассылаліся ў польскія СМІ год таму.

«Там вельмі шмат русізмаў, бачна, што пісаў чалавек, для якога польская мова няродная. Па-другое, было выяўлена, што гэтыя матэрыялы пасылаліся ў польскія СМІ з Мінска. Дзеля праўдападобнасці да іх была далучаная частка сапраўдных дакументаў, якія не выклікалі нейкай контрверсійнасці, а да іх былі далучаныя фальшыўкі пра Някляева, пра грошы, пра Саюз палякаў… Гэта была правакацыя.

Па сутнасці, беларускія спецслужбы такім чынам хацелі выклікаць нейкую негатыўную рэакцыю ўнутры Польшчы, гэта было скіравана перш за ўсё супраць МЗС Польшчы».

Але тады нічога не выйшла, гэтыя матэрыялы апублікаваў толькі тыднёвік «NIE», які таксама не даў ім веры. Цяпер іх зноў дасталі.

«Я думаю, што тут палітычная прычына. Аляксандр Лукашэнка пачынае нейкую чарговую гульню з Захадам і хоча гэта рабіць паводле сваіх правіл. Але жорсткая пазіцыя Польшчы яму перашкаджае ў гэтым. Таму гэтыя медыйныя правакацыі скіраваныя на тое, каб неяк падважыць аўтарытэт Польшчы падчас выпрацоўкі тактыкі і стратэгіі ЕС у дачыненні да Беларусі», — мяркуе Андрэй Пачобут.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?