Калегія Менскага гарадзкога суда па грамадзянскіх справах адхіліла скаргу Валянціна Стэфановіча на пастанову Партызанскага суду Менску.

Такім чынам, рашэньне ўступіла ў дзеяньне, і цягам 10 дзён адзін з кіраўнікоў праваабарончага цэнтру «Вясна» мусіць заплаціць 56 мільёнаў рублёў у пакрыцьцё прызначаных судом стратаў — гэта падаткі і пеня з прыбыткаў, атрыманых з-за мяжы.

Спадар Стэфановіч сказаў, што цяпер будзе думаць, якім чынам гэтыя грошы вяртаць, паколькі такіх сродкаў у яго няма. Ён таксама не выключае, што будзе апісаная ягоная маёмасьць.

Валянцін Стэфановіч не сумняецца, што гэта палітычная справа ў працяг справы асуджанага Алеся Бяляцкага і зьвязаў яе з агульным ціскам на «Вясну» за праваабарончую дзейнасьць і дапамогу палітвязьням, за маніторынг выбараў і адмену сьмяротнага пакараньня. У гэтым зьвязку праваабаронца згадаў пра сьлед КДБ, паколькі адпачатку справа была ініцыяваная менавіта Камітэтам дзяржбясьпекі.

Пры гэтым Валянцін Стэфановіч запэўнівае, што праваабарончы цэнтар «Вясна» не зьбіраецца спыняць сваю дзейнасьць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?