Ролю Канстытуцыйнага суда трэба павышаць, заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 лютага падчас сустрэчы са старшынёй Канстытуцыйнага суда Пятром Міклашэвічам.

«У вас сканцэнтраваны самыя вопытныя і пісьменныя людзі ў галіне права, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Але Канстытуцыйны суд у нас усё-такі не адыгрывае тую ролю, якую павінен адыгрываць.

Мне здаецца, паступова, як мы калісьці дамаўляліся, ролю Канстытуцыйнага суда трэба павышаць».

«Мне хацелася б, каб вы не толькі ўскрывалі і выкрывалі нейкія недахопы, але, павышаючы ролю Канстытуцыйнага суда, каб вы больш актыўна ўздзейнічалі на адпаведныя суб’екты нашага грамадскага жыцця ў плане канстытуцыйнасці іх дзеянняў, у плане навядзення парадку ў сферы прававых адносінаў. Гэта вельмі важна», — падкрэсліў беларускі кіраўнік. Ён таксама выказаў пажаданне, каб КС больш актыўна ўдзельнічаў у рабоце міжнародных арганізацый.

Міклашэвіч нагадаў, што ў чэрвені 2008 года дэкрэтам прэзідэнта былі пашыраныя паўнамоцтвы Канстытуцыйнага суда з прадастаўленнем яму права правяраць канстытуцыйнасць законаў, прынятых Нацыянальным сходам, да іх падпісання прэзідэнтам. «Такімі шырокімі паўнамоцтвамі не валодае ні адзін Канстытуцыйны суд у Еўропе», — падкрэсліў Міклашэвіч.

Паводле яго слоў, у 2011 годзе правераны 444 законы, прынятыя парламентам.

Прызнана, заявіў Міклашэвіч, што ўсе законы адпавядаюць Канстытуцыі. Старшыня КС лічыць гэта сведчаннем высокага ўзроўню заканатворчага працэсу ў краіне.

Міклашэвіч таксама нагадаў, што летась Канстытуцыйным судом прынята рашэнне аб ацэнцы адпаведнасці закона аб карце паляка міжнародным нормам і прынцыпам. Па выніках ацэнкі былі ўнесеныя змены ў закон аб дзяржаўнай службе і аб грамадскіх аб’яднаннях у частцы наяўнасці карты паляка ў дзяржаўных служачых.

Як адзначыў Міклашэвіч, у краіне ўжо выпрацаваны пэўны механізм ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя праз упаўнаважаных суб’ектаў — урад, Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі, Вярхоўны, Вышэйшы гаспадарчы суды і прэзідэнта.

На сустрэчы было выказана меркаванне аб магчымым вяртанні ў найбліжэйшы час да пытання стварэння інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека, паведамляе прэс-служба. Як патлумачыў старшыня КС, грамадзяне маглі б звяртацца да ўпаўнаважанага па найбольш важных пытаннях, якія закранаюць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, а ўпаўнаважаны па правах чалавека мог бы затым звяртацца ў Канстытуцыйны суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?