Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» аб’яўляе конкурс на лепшы кінасцэнарый поўнаметражнага мастацкага і тэлевізійнага фільма. Як паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара кінастудыі Пётр Крывастаценка, конкурс прымеркаваны да 3 ліпеня.

Матэрыялы на конкурс прымаюцца з 26 лютага па 1 чэрвеня бягучага года. Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца 2 ліпеня. Сцэнарый, які зойме першае месца, будзе экранізаваны ў 2008 годзе.

Літаратурныя сцэнарыі мастацкіх фільмаў у двух экзэмплярах накіроўваюцца на адрас рабочай групы конкурсу (220114, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 98) з паметкай «На конкурс». Аўтары павінны падаць пісьмовую заяву аб удзеле ў конкурсе, а таксама прадаставіць кароткія звесткі пра сябе (год і месца нараджэння, адукацыя, месца работы, дамашні адрас, кантактныя тэлефоны), асабіста падпісанае абавязацельства ў выпадку прысуджэння адной з прэмій аб перадачы заснавальнікам конкурсу права на выкарыстанне сцэнарыя для стварэння фільма тэрмінам на 5 гадоў. Паводле ўмоў конкурсу аб’ём сцэнарыя не павінен перавышаць 50‑60 старонак машынапіснага або камп’ютэрнага тэксту.

Падрабязная інфармацыя аб конкурсе размешчана на сайце кінастудыі.

Для пераможцаў устаноўлены грашовыя прэміі. Фінансуе конкурс УП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» з прыцягненнем спонсараў.

Мэты конкурсу — больш шырокае выкарыстанне магчымасцей сумеснай вытворчасці фільмаў з беларускімі тэлекампаніямі, павышэнне мастацкага ўзроўню фільмапрадукцыі кінастудыі «Беларусьфільм», пошук і падтрымка маладых таленавітых кінематаграфістаў, павышэнне ролі нацыянальнага кінематографа ў культурным жыцці грамадства, захаванне і развіццё традыцый нацыянальнага кінавідэамастацтва.‑

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?