«Мае сэнс» — гэта дабрачынны інтэрнэт-аўкцыён сустрэч. Як ён працуе? Вы запаўняеце анкету на аднайменным сайце (www.maesens.by) і становіцеся лотам на аўкцыёне. «Купіць» вас — дакладней, сустрэчу з вамі — можа той, хто прапануе больш грошай. Пасля аплаты пакупнік атрымлівае вашы кантакты, і вы дамаўляецеся на сустрэчу.
Грошы за сустрэчу ар-ганізатары перадаюць у фонды дапамогі дзецям ці непасрэдна пераводзяць на дабрачынныя рахункі. Сярод фондаў — «Здароўе ў 21 век», «Шанец», «Дотык да жыцця». Па словах стваральніка праекта Дзяніса Кандратовіча, на дадзены момант на дабрачыннасць было пералічана каля 60 мільёнаў рублёў.
Мара Дзяніса — каб сустрэчы ладзіліся не толькі ў Мінску, але і ў іншых гарадах Беларусі.У перспектыве — у іншых краінах. Каб заахвочваць удзельнікаў, арганізатары дамаўляюцца з кавярнямі і рэстаранамі. Напрыклад, Сoffee On прапануе бясплатную каву ўдзельнікам, што купілі сустрэчу праз «Мае сэнс».
Лот "Яўгенія Ганчаронак"
"Лот "Уладзімір Каракін" (гурт Litesound)
Сярод вядомых удзельнікаў праекта — хлопцы з гурта Litesound, спявак Герман, музыка Вадзім Марголін, вядучы БелМузТБ Дзмітрый Губіч, ды-джэй «Радыё Мінск» Любоў Громава, «Міс Мінск-2011» Ульяна Валахоўская ды іншыя.
Самым дарагім «лотам» стала прэтэндэнтка на тытул «Міс Мінск-2012» Яўгенія Ганчаронак. За сустрэчу з ёй выклалі больш за 2 мільёны рублёў!
Цікава, што за стваральніка сеткі гарадскіх гульняў «Энкаўнтэр» Івана Маслюкова «схапіліся» дзве дзяўчыны. Ніводная не хацела саступаць. У баталіях на форуме сайта адна з іх напісала суперніцы «Я бачыла твой профіль «Укантакце». У цябе ёсць мужчына! Што ён пра гэта падумае?!» І ўрэшце вый-грала лот за 1 125 тысяч рублёў. Маслюкоў, у сваю чаргу, напісаў, што 24 гадзіны будзе ў поўным распараджэнні дзяўчыны. І гатовы выконваць яе пажаданні, «калі толькі яны не супярэчаць маім маральным асновам, якіх не так ужо і шмат».
Сустрэчы не абавязкова павінны быць разнаполавыя. Напрыклад, бізнэсмэна Аляксандра Кныровіча (холдынг «Сармат») за 1 мільён «купіў» хлопец. Яны прагаварылі ў кавярні дзве гадзіны.
Як набіць сабе цану на аўкцыёне? Па-першае, не палянуйцеся запоўніць усе палі ў анкеце. Калі вы валодаеце ўнікальнымі здольнасцямі, у вас арыгінальнае хобі, гэта павялічыць шанец быць купленым. Па-другое, безумоўна, яркае, прыгожае фота. Як ні круці, сустракаюць па вопратцы.
Што да саміх сустрэч, іх працягласць, месца і фармат узгадняюцца дваімі ўдзельнікамі. Спатканне ні да чаго не абавязвае і можа быць прыпынена ў любы момант. Хоць былі выпадкі, калі сустрэчы перарасталі ў сяброўства і нават каханне.
Назву праекта Дзяніс Кандратовіч прыдумаў разам з сябрам і калегам Міхаілам Карпіцкім: «Зладзілі «мазгавы штурм», было шмат варыянтаў. Нам падалося, што для Беларусі «Мае сэнс» — класная назва. Гэта пазіцыянуецца з тым, што дапамога дзецям мае значэнне, а па-беларуску — мае сэнс».
***
Лот "Яўгенія Ганчаронак" (удзельніца конкурсу «Міс Мінск 2012).
Кошт: 2 080 000 рублёў.
«Удзельнічаю ў гэтым праекце, каб дапамагчы дзецям. Паколькі сваіх сродкаў у дастатковай колькасці не маю, я матывую ўдзельнікаў, у прыватнасці, мужчын, рабіць свае стаўкі за сустрэчу са мной. Гэта гульня, і некаторыя з задавальненнем у яе гуляюць, прыносячы істотную дапамогу дзецям. Вельмі часта ад выручаных сродках залежыць здароўе і нават жыццё дзіцяці. Сама сустрэча неабавязковая. Але калі чалавек цікавы, то чаму б не пасядзець разам, папіць кавы, паразмаўляць. Мне цікавыя погляды іншых людзей, іх жыццёвыя прыярытэты. Вельмі шмат добрых людзей, якія сапраўды жадаюць дапамагчы»
Лот «Уладзімір Каракін» (гурт Litesound). Кошт: 136 000 рублёў.
«Аўкцыён сустрэч — выдатная крэатыўная ідэя. Мяне запрасілі паўдзельнічаць, мне спадабалася, і я пагадзіўся. Спадзяюся атрымаць задавальненне не толькі ад таго, што я ўдзельнічаў у акцыі дапамогі дзецям, але і ад самой сустрэчы. Магчыма, «пакупнік» будзе цікавай прыцягальнай асобай і мы сустрэнемся яшчэ».