Краіна гойдаецца над безданю.
Людзі зачапіліся за карэнчыкі кволых дрэўцаў, што невядома як вырасьлі на абрыве – і спрабуюць падцягнуцца. Але ім няпроста: замінае цёмная сіпатая куча.
Куча абляпіла заскарузлыя галінкі, запаскудзіла людзей – цягне ўніз і смуродзіць. Хтосьці зрываецца.
Хтосьці з кучай раіцца і пяе ёй хваласьпевы.
Некаторыя выкараскаліся зь цёмнай брыдоты, аддзяліся ад яе і апырскалі сябе дарагімі духамі.
Яны ўзначальваюць “пад’ём да сьвятла”.
На схіле выбіта колькі прыступак. Але праца даўно закінута й забыта. Побач валяецца й рыштунак: кірка, крукі.
Кіраўнікі пад’ёму патрасаюць паперкамі: “Мы прынялі пастанову аб прапановах. На кожны рык кучы мы адкажам пленарнымі ўзгадненьнямі!”
Сіпіць і чвякае цёмная куча.
- Пусьціце нас да прыступак!
- Аніяк нельга. Мы яшчэ ня ўсё ўкангрэсілі… Без ратацыі, подпісаў і даведак гэтае немагчыма. У вас ёсьць даведка?.. З 546 узгодненымі пячаткамі!?
- ...дапамажыце… Дыхаць няма ўжо чым.
- А хіба вы не чыталі нашу 3267 і ½-a пастанову пра сьвежае паветра? Вось яшчэ пакангрэсім….
- Пусьціце наверх!
- Вы парвалі мне маніфэст аб пленарным паседжаньні… Ратуйце! Куча!...
Адбіваліся кіркамі й крукамі духмяныя кіраўнікі. Зрывалі пазногці людзі, чапляліся за зямлю схілу – цягнуліся ўверх.
Смуродзіла і залівалася брудам куча.
Паперы аб чарговым паседжаньні падалі на яе.
Хіліліся кволыя галінкі, ламаліся; каціліся ў бездань дарадцы, замазаныя гразёю.
Але людзі, маладыя і моцныя прарваліся – падняліся на схіл, працягнулі рукі аслаблым.
Апошнім брыдоцьцем выбухнула куча, пазаляпляла смуродзьдзем пленарных недакангрэшаных.
І ўсе яны зваліліся ў бездань…
А над абрывам – сонца.
І новая краіна.
І новыя людзі.