Не тое, каб пра гэтых людзей зусім забыліся. Аднак тае ўвагі і падтрымкі з боку органаў улады, як гэта было напачатку 90‑х гадоў, даўно няма. Ахвяры палітычных рэпрэсій, незаконна пацярпелыя ў канцы 30‑х і напачатку 50‑х гадоў, вобразна кажучы, зноў загнаныя ў кут і на іх просьбы – нуль увагі з боку кіруючай «вертыкалі»…

Перачытваю дакументы з архіву грамадскага аб’яднання «Гродзенскае аддзяленне ахвяр палітычных рэпрэсій» і прасякаюся павагай да яго стваральнікаў, асабіста кіраўніка Паўла Жука, памерлага роўна год таму. Адчуваецца парадак: папера да паперы, лісток да лістка, дакумент да дакумента – і перад табой ўся 15‑гадовая гісторыя гэтай арганізацыі. Пратаколы пасяджэнняў Рады, сходаў, сустрэч з кіраўніцтвам Гродна і вобласці, адказнымі асобамі мясцовага аддзелу УКГБ, міліцыі, работнікамі сацыяльных органаў раскрываюць сутнасць праведзенай работы.

Было ж такое, было! У лістападзе 1992 года тлумачэнні 148 сябрам таварыства давалі начальнік аддзела УКГБ па Гродзенскай вобласці сп. Расціслаў Вярстак, сакратар камісіі пры абласным Савеце народных дэпутатаў Алена Капіца, прадстаўнік абласнога ўпраўлення УУС сп. Ясько.

Р.Вярстак паведаміў, што ў архівах УКГБ ёсць 15 тысяч спраў у адносінах да рэпрэсаваных. Пачаўся перагляд, пачынаючы з людзей, якія пацярпелі пасля 1953 года.

Міліцэйскі чын дадаў, што ў міліцыі захоўваецца 1500 такіх спраў. Шырокая рэабілітацыя вядзецца першы год. Атрымана блізу 500 заяў аб пераглядзе спраў. Рэабілітавана 212 сем’яў (1.600 чалавек) высланых і вывезеных.

Канечне, да гэтых службоўцаў было найбольш пытанняў. Напрыклад, ці падлягаюць рэабілітацыі былыя сябры Арміі Краёвай? Наколькі ёсць магчымасць атрымаць кампенсацыю за страчаную маёмасць, жывёлу?..

Прадстаўнік гарадской арганізацыі ГА БНФ »Адраджэньне» Лявон Ляўко гнеўна абрынуўся на КПСС‑КПБ, якія, на яго думку, вінаватыя ў людскіх бедах, з’яўляліся злачыннымі арганізацыямі, займаліся планаваннем, арганізацыяй і кантролем выканання рэпрэсій супраць свайго народа. Партыя павінна адказаць перад судом.

Такой жа думкі трымалася і кіраўнік гарадской арганізацыі сацыял‑дэмакратычнай Грамады Вера Селязнёва.

У іншым дакуменце архіву аб’яднання паведамляецца, што ў сховішчах УКГБ па Гродзенскай вобласці ёсць больш як 29 тысяч спраў рэпрэсаваных. Па лініі міліцыі – 19 тысяч спраў. Разам, падлічыце, амаль 50 тысяч.

Само аддзяленне ахвяраў палітычных рэпрэсій было зарэгістраванае 17 чэрвеня 1991 года. Пратакол № 1 пазначаны 22 лютым 1990 года. Тады адбыўся сход ініцыятыўнай групы грамадзян, якія пацярпелі ад незаконных рэпрэсій у перыяд 30‑40‑х і на пачатку 50‑х гадоў і пазней рэабілітаваных.

Іх было напачатку 13 чалавек – В.Данілаў, А.Фірсаў, Р.Папоў, Ф.Бабіцкая, В.Шульга, М.Дзем’яновіч, М.Гурэвіч, Г.Барэвіч, В.Міцько, У.Кісель, Г.Кісель, А.Барысевіч, П.Жук.

Прысутнічалі і прадстаўнікі аблвыканкама – старшыня камісіі абласнога выканаўчага камітэта па аказанні дапамогі рэабілітаваным сп. Райко, адказны работнік выканкама сп. Сасноўскі.

На парадку дня было адно пытанне: арганізацыя на грамадскіх пачатках аб’яднання пацярпелых ад незаконных рэпрэсій і рэабілітаваных жыхароў Гродна і вобласці. Створаную камісію ў складзе пяці чалавек па рабоце з рэабілітаванымі даверылі ўзначаліць Паўлу Жуку. Яго абралі старшынёй.

Захаваўся яшчэ адзін цікавы дакумент ад 13 снежня 1989 года. Менавіта ў гэты дзень сабралася ўпершыню ініцыятыўная група з сямі асобаў. Прысутнічаў і ўпаўнаважаны прадстаўнік Усесаюзнай асацыяцыі ахвяраў незаконных рэпрэсій В.Піваварчык. Ён паведаміў, што асацыяцыя створана ў Маскве напачатку снежня, рыхтуецца з’езд. Трэба даслаць свайго дэлегата. Затым будзе магчымасць стварыць Гродзенскае абласное аддзяленне гэтай асацыяцыі.

Дэлегатам выбралі Паўла Жука.

На адным з агульных сходаў (20 снежня 1990 г.) прысутнічаў намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Мілінкевіч. Ён адзначыў, што гарадская ўлада будзе паляпшаць сацыяльны і матэрыяльны стан тых, хто незаконна быў рэпрэсаваны. Сам факт стварэння арганізацыі сведчыць пра паглыбленне і пашырэнне дэмакратычнага руху ў рэспубліцы.

Сп. Мілінкевіч паведаміў аб прынятым гарвыканкамам рашэнні ўстанавіць у Гродна помнік ахвярам рэпрэсій. Для гэтага трэба выбраць месца там, дзе пахаваныя ахвяры сталінізму.

Не ўсё гладка з рэгістрацыяй арганізацыі. 31 мая 1991 года пытанне разглядалася на пасяджэнні аблвыканкама. Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрый Арцыменя выказаўся коратка і ясна:

‑ Навошта нам яшчэ адна грамадская арганізацыя? Адмовіць!

Павел Жук, які быў запрошаны на пасяджэнне, адрэагаваў:

‑ Згодна закону нам не патрэбен нічый дазвол. У нас прадугледжаны рэгістрацыйны парадак. Калі пытанне ставіцца такім чынам, то мы вымушаны звярнуцца і суд і прыцягнуць у якасці адказчыка аблвыканкам, які парушае заканадаўства.

Як бы там ні было, але свой інтарэс адстаялі. 17 чэрвеня 1991 года атрымалі на рукі рашэнне выканкама абласнога Савета № 147 аб рэгістрацыі. У снежні 15 дэлегатаў ад гродзенскай арганізацыі ахвяр незаконных рэпрэсій удзельнічалі ва ўстаноўчым з’ездзе Беларускай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій. Усяго на ўліку ў абласной структуры было 90 чалавек.

Дарэчы, пра колькасны склад. Згодна Статуту фіксаванае сяброўства не прадугледжвалася. На 24 кастрычніка 1992 года ў вобласці сваё сяброўства ў арганізацыі пацвердзілі 315 чалавек (з іх 95 – ГУЛАГаўцы). Большасць – гэта людзі сталага веку. Таму кожны чарговы сход пачынаўся з мінуты маўчання ў памяць аб памерлых сябрах. Нябожчыкаў у спісе заўсёды было 7‑8 чалавек.

Што да помніка ахвярам незаконных рэпрэсій у Гродне, то яго няма і па гэты дзень. Захавалася заява (4.02.1991) сяброў Гродзенскага аддзялення Усесаюзнай асацыяцыі ахвяр палітычных рэпрэсій на адрас Гродзенскага гарадскога Савета. Там занатавана наступнае. Сведка, жыхар Гродна Мар’ян Францавіч Казюкевіч, паведамляе, што ў 1946 годзе ў лесе недалёка ад ўезду на тэрыторыю цяперашняга абласнога туберкулёзнага дыспансера ва ўрочышчы Пышкі карныя органы праводзілі знішчэнне людзей, якіх там жа і закопвалі. Сведка М.Казюкевіч бярэцца ўказаць месца больш‑менш дакладна, бо цяпер там вырас лес.

Аўтары заявы прапаноўвалі правесці раскопкі і на месцы злачынства ўстанавіць помнік ахвярам сталінізму. Быў прыкладзены эскіз памятнага знаку, падкрэслівалася, што ён можа быць усталяваны на ўласныя сродкі незаконна рэпрэсаваных…

Павел Жук пакінуў і такі запіс. У архівах УКГБ матэрыялаў, якія сведчылі б пра расстрэлы людзей, не знойдзена. Пракуратура зрабіла праверку на ўказаным месцы. Сам сп. Жук прысутнічаў пры раскопках. Была выкапана яма 2 х 1,5 метры. Нічога не знойдзена. Работы праводзіліся непрафесійна, паспешліва, не кваліфікавана. Між тым, побач быў заўважаны магільны грудок, на якім ляжалі засохлыя кветкі. Значыць, нехта клапоціцца пра памяць пахаваных тут грамадзян. Але на гэты факт работнікі пракуратуры не звярнулі ўвагі.

29 красавіка 1994 года на адрас старшыні абласнога Савета дэпутатаў Сямёна Домаша было накіравана пісьмо. Звярталася ўвага на рашэнне гарвыканкама (№ 411 ад 18.11.1992). Раней было запісана, што будзе пабудаваны памятнік ахвярам сталінізму. Аднак гэты дакумент быў перагледжаны (рашэнне №89 ад 24.02.1993). Зменена сама фармуліроўка: ужо не ахвярам сталінізму, а ахвярам палітычных рэпрэсій.

Урэшце, перапіска вялася з тагачасным прэм’ер‑міністрам С.Лінгам, старшынёй гарвыканкама А.Пашкевічам, кіраўніком абласнога аддзела Беларускага фонду Міра А.Райко, старшынёй аблвыканкама А.Дубко, дэпутатамі Вярхоўнага Савета В.Нісцюком і П.Знаўцам, адказнымі асобамі Міністэрства юстыцыі, Дзяржкамітэта па друку, рэдакцыямі газет…

За мінулы час многа што змянілася і ў грамадстве, і ў дзейнасці Гродзенскага аб’яднання ахвяр незаконных рэпрэсій. Памерлі актывісты. Амаль няма вязняў ГУЛАГу. Аднак засталіся іх дзеці, якія памятаюць сваё жыццё у лагерах. У Гродне яны збіраюцца, каб абмеркаваць свае праблемы. Гучаць словы крыўды, выказваецца недавер, што чагосьці можна дабіцца. Грамадства па‑ранейшаму насцярожана ставіцца да незаконна пацярпелых ад сталінізму. Сваіх праблем па горла, а тут яшчэ гэтыя…

У Гродна абраны новы старшыня аб’яднання, які дзіцём пасмакаваў усе бядоты сям’і незаконна рэпрэсаванага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?