«Паленне забівае» — такія жудасныя папярэджанні вытворцы змяшчаюць на кожным пачку цыгарэт. Але варта гэтаму пачку перасячы мяжу з Еўразвязам, як з забойцы ён ператвараецца ў шанц на лепшае жыццё. Для тысяч беларусаў памежжа «кантрабанда» — не ганебнае слова, а банальны бізнес, хоць і рызыкоўны.

Рэйсы выхаднога дня — на літоўскую Вільню ці на польскую Кузніцу — сапраўдныя «кантрабандавозкі».

Рэдка перасячэш беларускую мяжу і не напаткаеш у цягніку ці аўтобусе цётачку з добрымі вачыма, якая шэптам папросіць: «Пакецік не правезяцё?»

Розніца паміж еўразвязаўскімі коштамі на цыгарэты і беларускімі робіць іх нясушкай з залатымі яйкамі. За пачак Winston’а ў суседняй Вільні прыйдзецца аддаць 8 літаў (па курсе — каля 25 тысяч беларускіх). Аналагічны выраб у крамах сінявокай будзе ўтрая таннейшым — 7,5 тысячы.

Розніца складае 17,5 тысячы, альбо 2 долары.
За адзін рэйс можна было б атрымаць неабмежаваны прыбытак, калі б не адна перашкода — мытны кантроль.

На тэрыторыю Эўразвяза бяспошлінна можна ўвозіць толькі 2 пачкі цыгарэт. Аплата пошлін робіць цыгарэтны бізнес бессэнсоўным. І гэта вымагае вынаходлівасці ад кантрабандыстаў. Спектр хітрыкаў шырокі: ад нечаканых хованак да хабару. Але самы дзейсны спосаб — прыкінуцца звычайным турыстам.

Кантрабанда на абцасах

Беларускія жанчыны не толькі спыняюць гойсаючых коней, але і трымаюць у сваіх руках цыгарэтны бізнес. Вядома, на побытавым узроўні. Ім лягчэй мімікрызаваць пад атачэнне — жаноцкае адзенне мае больш прасторы для варыяцый. І наогул, жанчыны на Беларусі адчайныя.

Рамуальда Пашлянкова часта наведваецца ў Літву да сваякоў. Дзяўчына ездзіць аўтобусам Мінск — Каўнас. Дзясяткі разоў яна была сведкай таго, як працуюць кантрабандысткі: яны сядаюць у Ашмянах групкай 4–5 чалавек і адразу пачынаюць рабіць хованкі. Дзяўчына прыгадала адну з такіх паездак:

«Жанчыны адрозніваліся танным адзеннем, прычоскамі — гэта простыя людзі. З размоў я зразумела, што

ўзровень іх дабрабыту даволі нізкі, сярод іх была нават настаўніца.
Ролі ў жанчын размеркаваны: адна (галоўная) кіравала працэсам і сачыла, каб кіроўца нічога не заўважыў».

Жанчыны адразу прапаноўвалі пасажырам чорныя пакеты на захаванне. Што не ўдалося раздаць, павязвалі пад адзеннем накшталт паясоў шахіда.

Як робіцца цыгарэтны «пояс шахіда»

У калготкі ўкладваюцца пачкі такім чынам, каб пакінуць свабодныя канцы для завязак. Каб пачкі не спаўзалі, іх фіксуюць вузламі. Прыстасаванне ладуецца на жываце альбо на нагах з дапамогай свабодных канцоў. Каб на мяжы нічога не западозрылі, зверху мусіць быць свабоднае адзенне.

Пакуль кіроўца ходзіць на перакур ды адзначаецца на станцыі, жанчыны робяць хованкі.

У месцы, дзе звычайна ў аўтобусах туалет, можна схаваць пакетаў 5, у кожным з якіх ляжыць як мінімум 5 цыгарэтных блокаў.

Аднойчы хітруні нават здолелі пранесці на мяжы вялізны пакунак з кантрабандай прама перад носам памежнікаў. Побач з дзвярыма пункта памежнага пропуску ёсць уваход у аддзяленне банка. Жанчыны пакінулі пакет каля касы і прайшлі пашпартны кантроль, пасля чаго спакойна забралі пакет і вярнуліся ў транспарт.

Гэты рэйс для кантрабандыстак скончыўся добра: мытнікі забралі толькі некалькі пакункаў, якія знайшлі на багажных палічках. Гэтым разам на мяжы не сталі разбірацца, чый тавар, і ўсе задаволеныя паехалі далей.

Няўдалы эксперымент

«Дзе можна рэалізаваць партыю беларускага тытуню?», — запыталіся мы ў беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Вільні. На жаль, 5 эксперыментальных пачкаў чырвонага «Вайсроя» студэнтам не прыйшліся даспадобы. І знаўцы накіравалі нас на аўтамабільны рынак Гарунай — у 43-м боксе трэба было запытацца Валянціна. Таксама нас папярэдзілі, што нельга здаваць тавар менш чым па 4 літы.

Розніца паміж еўразвязаўскімі коштамі на цыгарэты і беларускімі робіць іх нясушкай з залатымі яйкамі.

Валянцін браць моцныя папіросы адмовіўся, а яго сусед па мянушцы Спрайт быў рады дапамагчы. Толькі даваў зусім смешныя грошы — усяго 3 літы за пачак. Доўга не згаджаліся, пакуль Спрайт не патлумачыў: «Сіні Вінстан па 4, а гэты ніколі не будзе па 4… І ўсё тут».

Спрайт прапанаваў пакінуць тавар на лізінг і, як сапраўдны бізнесовец, пачаў разважаць пра перавагу попыту над прапанаваннем.

«У нас у краме ніхто і не бярэ, — сказаў ён. — Прайдзіцеся па горадзе і звярніце ўвагу на смецце: усе пачкі „Прэм’ер“, „Вайсрой“ „Вінстан“ альбо „Кэмэл“. Усе бандэролі толькі беларускія.

Калі б я паліў за 8 літаў, як у нас каштуе, то даўно б ужо кінуў, яшчэ гадоў 5 назад. І піць таксама».

Гісторыя на 200 долараў

З маёй каляжанкай, што жыве каля польскай мяжы, неяк здарылася амаль што драматычная гісторыя. На летніх вакацыях яны з сяброўкай вырашылі зарабіць. Напакавалі цыгарэтнымі блокамі ўсю машыну — здымалі панэлі, хавалі ў сядзенні. На мяжы паўсміхаліся: мэта паездкі — шопінг.

«Пакуль даехалі да найбліжэйшага лесу, папсавалі процьму нерваў. Потым гадзіны дзве выцягвалі цыгарэты ды „збіралі“ машыну назад, — расказвае з захапленнем. — У бліжэйшым горадзе здалі оптам.

Агулам зарабілі за мінусам дарогі 400 долараў — па 200 на чалавека».

У народзе ходзяць гісторыі пра экстрэмальны кантрабандытызм вышэйшага гатунку: нібыта рыхтуецца адмысловы плыт з радыёмаячком ці з GPS-перадатчыкам. Яго спускаюць па рацэ, а самі перасякаюць мяжу звычайным парадкам. Далей сочаць па спадарожніку, дзе тое судна прышвартуецца. На хайтэк-кантрабандзе прыбыткі лічаць ужо тысячамі долараў.

Цыгарэтны калькулятар

Самы высокі заробак, што прапаноўваюць працадаўцы ў Ашмянах, складае 1,5 мільёна рублёў, альбо каля 180 долараў. Колькі трэба правезці кантрабанды, каб зарабіць такую суму?

Адзін кантрабандны рэйс па прыбытку можа быць раўназначны як мінімум 5 працоўным дням юрысконсульта ці муляра ў Ашмянах.
Пра гэта сведчыць самы прымітыўны падлік.

На адным пачку, па мінімальных коштах, можна атрымаць 5,2 тысячы рублёў; на блоку — 52 тысячы, на 10 блоках — 520 тысяч. Адымаем кошт квіткоў — 48×2, атрымліваецца 328 тысяч, альбо 40 долараў.

Трэба змяншаць падатковы цяжар

З пазіцыі вытворцы ў кантрабандзе беларускіх цыгарэт за мяжу няма нічога дрэннага, лічыць эканамічны эксперт Антон Болтачка.

— Прыгадайце момант, калі ўводзіўся ліміт па колькасці выездаў за мяжу на ўласным транспарце, калі былі страйкі на памежным пераходзе Брузгі, — кажа ён. — 

Пасля ўвядзення абмежаванняў аб’ёмы продажаў Гродзенскай тытунёвай фабрыкі рэзка ўпалі.

З пазіцыі грамадзян сітуацыя таксама прывабная. Антон Болтачка ілюструе яе вядомым анекдотам, у якім Лукашэнка здзіўляецца: «Беларусы атрымліваюць 200 долараў, жывуць на 500, дзе яны бяруць яшчэ 300?» Эканаміст заўважае, што, паводле некаторых ацэнак, 52,6% беларускай эканомікі можна лічыць ценявой.

Кантрабанда перашкаджае жыць толькі дзяржаве, якая не атрымлівае напоўніцу падаткі і мытныя пошліны. Такім чынам, паводле падлікаў эксперта, бюджэт краіны недалічвае прыкладна 25% ВУП.

Эканаміст раіць вельмі простае выйсце: змяншаць падаткавы цяжар і рэгуляваць мытныя пошліны.

ДА ВЕДАМА

У 2011 годзе беларуская мытня пералічыла ў нацыянальны бюджэт больш за 5,5 млрд. долараў ЗША

Беларуская мытня ў поўным аб’ёме выканала ў 2011 годзе абавязацельствы па збіранні мытных плацяжоў для Расіі і Казахстана. Пра гэта было сказана на нядаўняй на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснікам старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргеем Барысюком.

У нацыянальны бюджэт ад плацяжоў, сабраных мытнымі органамі Беларусі, у 2011 годзе пералічана больш за 27,5 трлн рублёў, што па сярэднім курсе мінулага года складае звыш 5,5 млрд долараў ЗША. У разліку на аднаго мытніка паступленні ў дзяржаўную казну склалі больш за 5,5 млрд рублёў.

У сувязі са змяненнем ставак пошлін у першай палове 2011 года ў Беларусь фізічныя асобы ўвезлі 254,5 тыс. легкавых транспартных сродкаў (за ўвесь 2010 год іх было ўвезена 192 тысячы). «Мытная служба забяспечыла афармленне ўсяго легкавога аўтатранспарту», — падкрэсліў Барысюк.

Паводле яго слоў, знешнегандлёвыя патокі апрацоўваюцца без змянення колькасці работнікаў мытных службаў. Час, неабходны для выпуску тавараў па мытных працэдурах, да канца 2011 года скараціўся з 55 хвілін да 15. Гэта дасягнута за кошт прымянення інфармацыйных тэхналогій.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?