У план прыватызацыі на 2012 год увайшло 19 стратэгічных прадпрыемстваў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 17 лютага старшыня Дзяржкаммаёмасці Георгій Кузняцоў.

У план увайшлі ў асноўным прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці і канцэрна «Белнафтахім».

Балансавы кошт стратэгічных прадпрыемстваў, паведаміў Кузняцоў, складае прыкладна 7 трлн. рублёў.
«Але гэта не іх рыначная цана, будзе зроблена рыначная ацэнка», — падкрэсліў ён. Паводле яго слоў, менавіта ад продажу гэтых прадпрыемстваў плануецца выручыць 2,5 млрд. долараў.

Кузняцоў адзначыў, што «рашэнне аб продажы стратэгічных прадпрыемстваў прымае прэзідэнт» — для астатніх фарміруецца трохгадовы план прыватызацыі.

Як сказала начальнік упраўлення ўліку і распараджэння акцыямі фонду дзяржаўнай маёмасці Дзяржкаммаёмасці Ганна Карніевіч, «гэта не канчатковы спіс і ён, магчыма, яшчэ будзе карэкціравацца», а ў спіс увайшлі «высокаліквідныя прадпрыемствы».

Кузняцоў паведаміў, што, да прыкладу, у спіс пакуль не ўвайшоў Гомельскі хімічны завод, а «інвестар ёсць, і мы, магчыма, прымем рашэнне аб правядзенні конкурсу».

У спіс не ўвайшло СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» (МТС).
«Мы чакаем пакупніка, і ў нас ёсць надзея, што мы гэтую кампанію прададзім», — сказаў Кузняцоў. «Мы ніколі не спынялі работу па „МТС“, вядзем перамовы і сустрэчы з інвестарамі, ёсць ахвотныя, і іх не адзін і не два», — адзначыў ён. Пры гэтым ён паведаміў, што кошт дзяржпакета акцый не змяняецца і складае 1 млрд. рублёў. На думку кіраўніка ведамства, продажу ў мінулым годзе «перашкодзіла эканамічная сітуацыя, калі з-за дэвальвацыі тарыфы ў доларавым эквіваленце знізіліся ў тры разы». «Мы цяпер кажам, што сітуацыя стабілізавалася, але яны (інвестары. — БелаПАН.) думаюць», — патлумачыў Кузняцоў. Пры гэтым ён не выключыў магчымасць аплаты за дзяржпакет чатырма плацяжамі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?