Грамадскі актывіст з Гомеля Уладзімір Няпомняшчых накіраваў у суд пазоў супраць Цэнтральнага райаддзела ўнутраных спраў, патрабуючы спагнаць 9 мільёнаў рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.
«Супраць мяне супрацоўнікі міліцыі сфабрыкавалі адміністрацыйную справу пра дробнае хуліганства — нібыта падчас затрымання (7 кастрычніка), калі я наклейваў улёткі да Народнага сходу на праспекце Леніна, я брыдка лаяўся. Без суда мяне змясцілі ў ізалятар, дзе я правёў амаль трое сутак. Спрычыніліся да гэтай справы трое: аператыўны супрацоўнік, участковы і намеснік начальніка міліцыі. Таму я і спаганяю такую суму — па адным мільёне за мае суткі ў ізалятары з кожнага супрацоўніка», — кажа Няпомняшчы.
Уладзіміра Няпомняшчых затрымалі 7 кастрычніка. Супраць яго склалі пратакол за парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў і праз суд пакаралі штрафам. Расклейку налепак спадар Няпомняшчых не адмаўляў і са штрафам пагадзіўся.
У той жа дзень у судзе Уладзімір даведаўся, што існуе яшчэ адзін пратакол — пра дробнае хуліганства, складзены на падставе рапарту маёра Амельчанкі. Актывіста аштрафавалі другі раз — на 105 тысяч рублёў.
Чарговае пакаранне Уладзімір аспрэчыў. Адбыўся новы разгляд справы. У судзе супрацоўнік Цэнтральнага РАУС маёр Амельчанка, які напісаў рапарт супраць актывіста, блытаўся ў паказаннях і цвердзіў стандартнае абвінавачванне: Няпомняшчых нібыта пры затрыманні размахваў рукамі і брыдка лаяўся. Ніхто іншы, апрача Амельчанкі, гэтую лаянку не чуў — ні міліцэйскі кіроўца, ні эксперт, ні дазнаўца.