Жыхар адной з вёсак Валожынскага раёна абвінавачаны ў незаконным паляванні на казулю. Здарэнне адбылося 15 лютага каля 22 гадзін у лесе каля вёскі Сівіца. Жывёліна была застрэленая з незарэгістраванай стрэльбы. Па папярэдніх звестках, стралялі на хаду з аўтамабіля «Пежо-406».

Дзякуючы аператыўным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі і следчага камітэта, затрымалі меркаванага 20-гадовага браканьера на наступны дзень пасля здарэння і адразу ж завялі крымінальную справу, расказаў следчы Аляксандр Шульга.

Малады чалавек сам быў за рулём «Пежо» і сам стрэліў у казулю падчас кіравання аўтамабілем, не спыняючыся.

— Ці сапраўды гэта так, пакажа следчы эксперымент, — кажа Аляксандр Шульга. — Адзначу толькі, што самец казулі еўрапейскай быў застрэлены на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі», дзе паляванне ў прынцыпе забароненае.

Следчы паведаміў таксама: шкода, нанесеная гэтым выстралам навакольнаму асяроддзю, ацэненая ў 6 мільёнаў 300 тысяч рублёў. Хлопец кампенсаваў шкоду ў дзень затрымання.

Больш за тое, каб не чакаць суда ў камеры ізалятара, ён унёс за сябе залог у памеры 120 базавых велічынь (4 мільёны 200 тысяч рублёў) і быў адпушчаны пакуль на волю.

— Вось так вельмі проста, у адзін дзень, узяў і выклаў 10 з паловай мільёнаў за сумніўнае задавальненне, — падсумаваў Аляксандр Шульга.

Следства па справе працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?