Экспарт беларускага мяса ў Расею пад пытаньнем. З мэтаю абароны айчынных вытвоцаў рыхтуюцца захады па абмежаваньні імпарту польскага мяса.

Беларускія вытворцы мяса‑малочнай прадукцыі зь нецярпеньнем чакаюць інспэкцыю Рассельгаснагляду. 15 студзеня Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчу Беларусі і расейская Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе прынялі рашэньне аб тым, што ад 1 сакавіка на беларускіх пастаўнікоў харчовай прадукцыі будзе распаўсюджвацца атэстацыя Рассельгаснагляду. То бок, без атрыманьня гэтай атэстацыі экспарт беларускай прадукцыі ў Расею стане немагчымы. На менскіх мясакамбінатах расейскіх інспэктараў чакалі яшчэ 10 лютага, аднак яны не зьявіліся дагэтуль, піша газэта «Белорусы и рынок».

Газэта прыводзіць некалькі красамоўных фактаў, якія сьведчаць на карысьць таго, што беларуская харчовая прамысловасьць стала закладніцай беларуска‑расейскіх энэргетычных непаразуменьняў. Так, у Расеі склалася неспрыяльная сытуацыя ў аграсэктары і попыт на імпартнае мяса расьце ў сярэднім на 12% штогод, у той жа час у Беларусі назіраецца пэўны рост у гэтай сфэры. Спалучэньне гэтых фактараў прывяло да таго, што амаль 90% экспарту харчовай прадукцыі, зь істотнай доляй у ёй мясной прадукцыі, у мінулым годзе прыпала на ёмісты і дынамічны расейскі рынак. У сьвятле напружаных адносінаў з Расеяй вокаімгненна знайсьці альтэрнатыву такому рынку будзе вельмі праблематычна.

Тым часам на зьніжэньне аб’ёмаў экспарту беларускага мяса ў Расею паўплывала таксама розьніца ў коштах: у Расеі адбываецца сэзоннае паніжэньне кошту, у той жа час у Беларусі падвысіліся закупачныя кошты на ялавічыну і сьвініну, што робіць экспарт беларускага мяса ў Расею непрыбытковым, а то й стратным.

Расейскія афіцыйныя асобы, тым не менш, завяраюць, што ніякіх перашкодаў для беларускіх экспарцёраў, атэставаных Рассельгаснаглядам, чыніцца ня будзе, як і ня будзе затрымак з самой працэдурай атэстацыі. Аднак беларускі бок відавочна рыхтуецца да розных варыянтаў разьвіцьця сытуацыі і ад пачатку году прадпрымае захады па абароне айчынных вытворцаў мясной прадукцыі. Так, са студзеня часова прыпыненыя пастаўкі мяса з Польшчы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі камэрцыйныя арганізацыі, што займаюцца імпартам польскага мяса, чакаюць на адпаведную інструкцыю з ураду. Нібыта пытаньне ўвозу сырога мяса з Польшчы ўжо вырашанае, застаецца пытаньне гатовай мясной прадукцыі, якую, магчыма, дазволяць замозіць у абмежаванай колькасьці.

У ілюстрацыі выкарыстаны экспанат калекцыі маразму Арцемія Лебедзева

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?