Члены Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) РУВП «Граніт» (Мікашэвічы, Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці) гатовы правесці папераджальную забастоўку ў выпадку невыканання іх патрабаванняў. Пра гэта 20 лютага яны афіцыйна праінфармавалі выканаўцу абавязкаў дырэктара прадпрыемства, галоўнага інжынера Эдуарда Гаўрылковіча.

Як паведамілі ў прэс-службе Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), у перададзенай заяве рабочыя патрабуюць неадкладна спыніць дыскрымінацыю па прафсаюзнай прыкмеце, аднавіць на працы незаконна звольненых Алега Стахаевіча і Людмілу Літвінку.

Акрамя гэтага, утрымліваецца патрабаванне неадкладна выдзеліць памяшканне для пярвічнай арганізацыі БНП на РУВП «Граніт», што неабходна для яе афіцыйнай рэгістрацыі.

У заяве змешчаны пералік службовых асоб прадпрыемства,
чые «незаконныя дзеянні», паводле меркавання рабочых, «ганяць рэпутацыю РУВП „Граніт“ як унутры краіны, так і за яе межамі, што можа выклікаць увядзенне санкцый у дачыненні да прадпрыемства (абмежаванне рэалізацыі прадукцыі на знешніх рынках) і адбіцца на сацыяльна-эканамічным становішчы ўсяго працоўнага калектыву».

Рабочыя папярэджваюць: у выпадку невыканання патрабаванняў «будзе праведзена папераджальная забастоўка з поўным спыненнем вытворчасці і спыненнем адгрузкі гатовай прадукцыі».

«Адказнасць у гэтай сітуацыі будзе ляжаць на вышэйпералічаных службовых асобах», — заяўляюць аўтары.

Дакумент падпісалі 28 чалавек.

«Людзей, гатовых падпісаць яго, на самой справе значна больш, неабходная ў гэтым выпадку аператыўнасць не дазволіла актывістам БНП з усімі сустрэцца»,
— адзначаецца ў паведамленні прэс-службы БКДП.

«Граніт» з’яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам у Мікашэвічах і адным з найбуйнейшых у Еўропе па здабычы і перапрацоўцы цвёрдых горных парод.

Як раней паведамлялася, у канцы снежня 2011 года больш за 200 рабочых выйшлі з дзейнай прафсаюзнай арганізацыі РУВП «Граніт» і заявілі пра намер стварыць на прадпрыемстве пярвічку Беларускага незалежнага прафсаюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?