Сябры Таварыства беларускай мовы прасілі ўлады выдзеліць памяшканне ў адной з гарадскіх бібліятэк для напісання беларускай дыктоўкі.

Па прапанове Рэспубліканскай рады ТБМ Баранавіцкая рада Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны хацела правесці 16 сакавіка дыктоўку па беларускай мове. У ёй павінны былі прыняць удзел прыхільнікі беларускага слова ў нашым горадзе. Падобныя дыктоўкі адбываюцца ў розных гарадах Беларусі, а ў Мінску ў дыктоўцы удзельнічаюць амбасадары Швецыі, Францыі, Польшчы, Даніі, Эстоніі, Галандыі, Чэхіі і Славакіі.

Аддзел культуры Баранавіцкага гарвыканкама, аднак, адмовіў сябрам ТБМ у прадастаўленні памяшкання. У адказе пазначана, што

«памяшканне бібліятэкі прызначана для бібліятэчнага абслугоўвання і правядзення мерапрыемстваў, запланаваных адміністрацыяй Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы».
У планах масавай работы ЦБС беларуская дыктоўка не прадугледжана, паведамляе аддзел культуры.

«Летась нам таксама адмовілі прадаставіць памяшканне пад дыктоўку, — кажа старшыня Баранавіцкай рады ТБМ Віктар Сырыца. — У горадзе дзясяткі бібліятэк, а для нас не знайшлося ніводнай. Мы плацім падаткі, на якія ўтрымліваюцца бібліятэкі, але не можам скарыстацца імі на карысць роднай мовы».

Старшыня Баранавіцкай рады ТБМ збіраецца абскарджваць рашэнне выканкама ў пракуратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?