Каля 50-ці чалавек напісалі калектыўную заяву на выхад з прафсаюзу, не атрымаўшы даплаты за шкодныя ўмовы працы. Даведаўшыся пра гэта, адміністрацыя паабяцала выправіць сітуацыю.

Каля двух тыдняў таму работнікі аршанскіх электрасетак атрымалі разліковыя квіткі за студзень. Кіроўцы, слесары, токары, матарысты, якія павінны былі атрымаць даплату «за шкоднасць», не ўбачылі ў квітках адпаведнай графы — кожны з работнікаў не далічыўся каля 100 тысяч рублёў.

Працоўныя ініцыявалі сход, дзе запатрабавалі, каб адміністрацыя патлумачыла, што здарылася.

«Сабраліся ў актавай залі, запрасілі начальства. Спачатку нам сказалі, каб мы спынялі „бунт“ і шлі працаваць. Тады мы тут жа, у залі, склалі калектыўную заяву на выхад з прафсаюзу, падпісалі яе 52 чалавекі. Нехта перадаў пра гэта кіраўніцтву, і тады імгненна прыбеглі кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі Аляксандар Іваноў, начальнік планавага аддзела, галоўны бухгалтар, намеснік дырэктара прадпрыемства і начальнік аддзела па ахове працы. Нам сказалі, што быў адпаведны загад зь „Віцебскэнерга“, нават называлі нумар загаду. Толькі паказаць яго адмовіліся. У нас склалася ўражанне, што „загад“ прыдумалі ў нашым планавым аддзеле, каб на нас зэканоміць», — апавёў спадар Міхаіл, работнік аршанскіх электрасетак.

Адміністрацыя прадпрыемства дала абяцанне, што ў наступным месяцы ўсё будзе выплачана — у тым ліку і тое, што недадалі «за шкоднасць» за студзень.

Да таго часу заяву на выхад з прафсаюзу рабочыя вырашылі «прытрымаць»

«Пакуль гэта наша страхоўка. Нам пад гэтую заяву абяцалі ўсё выплаціць.

Калі не зробяць — падамо яе ў прафсаюз.
У нас, дарэчы, ёсць работнікі, якія павыходзілі з афіцыйнага прафсаюза за апошнія гады. Бо гэта прафсаюз нам нічога не дае. На іншых прадпрыемствах заробкі растуць, а нам надумаліся зрэзаць. Мы казалі начальству: «Гэта цяпер зіма, таму ніхто не сыходзіць і не зьяжджае. А ўвосень звальняліся цэлымі брыгадамі ды ехалі ў Расею. Будзе і ўвесну тое самае, калі з нас будуць так зьдзекавацца!» — заявіў Міхаіл.

Рабочыя кажуць, што пагроза выйсці з афіцыйнага прафсаюзу дзейнічае: адміністрацыя не толькі паабяцала сплаціць усё, што трэба, але пагадзілася таксама палепшыць сітуацыю з ацяпленнем і своечасова выдаваць спецвопратку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?