Белтэлерадыёкампанія пагадзілася даць сваё тлумачэнне сітуацыі з трансляцыяй канала «Беларусь-3». Нагадаем, «Наша Ніва» выказала здагадку, што ў сувязі з заснаваннем новага тэлеканала з эфіру можа знікнуць альбо канал «Расія», альбо НТВ.

Сёння Рэдакцыя атрымала афіцыйны адказ Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Падаём яго цалкам:

«Спосаб распаўсюджання тэлеканала „Беларусь 3“

будзе вызначаны па выніках правядзення тэхнічных трактаў размеркавальнай сеткі,
якія Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам сувязі плануе пачаць у сакавіку. Адмову ад трансляцыі канала „НТВ-Беларусь“ Белтэлерадыёкампанія не плануе.

Нагадаем, паводле канцэпцыі,

„Беларусь 3“ ствараецца як беларускамоўны культуралагічны тэлеканал, на якім будуць прадстаўленыя гістарычныя фільмы, лепшая дакументалістыка, ток-шоу культуралагічнага плану, рэлігійныя і асветніцкія праграмы, дасягненні сусветнага кінематографа, дубляваныя на беларускую мову.

Плануецца, што праграмы тэлеканала „Беларусь 3“ гледачы змогуць ацаніць ужо ўвосень, у новым тэлевізійным сезоне 2012–2013».

Гэта адзіная інфармацыя, якая можа быць прадастаўленая, адзначылі ў Белтэлерадыёкампаніі. З адказу можна зрабіць некалькі высноваў.

Па-першае, канал запрацуе толькі ўвосень, а не ў сакавіку, як заявіў Генадзь Давыдзька. Па-другое, з адказу вынікае, што дагэтуль няма пэўнасці, як ажыццяўляць трансляцыю.
Менавіта так можна інтэрпрэтаваць загадкавае «правядзенне тэхнічных трактаў размеркавальнай сеткі», якое пачнецца ў наступным месяцы. На жаль, Белтэлерадыёкампанія не дае свайго тлумачэння гэтай фармулёўкі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0