«Наша Ніва» – ляўрэат прэміі імя Буцэрыюса фундацыі «Zeit».

Сёлета з 48 кандыдатаў былі абраныя шэсьць. Акрамя «Нашай Нівы», у лік прызёраў трапілі выданьні і журналісты з Расеі і Азэрбайджану.

Д‑р Маркус Баўманс, сябра прэзыдыюму фундацыі «Zeit», падкрэсьлівае: «Мы хочам разам з нашымі калегамі з партнэрскага фонду ў Нарвэгіі падбадзёрыць журналістаў і ўзмацніць незалежнае стварэньне інфармацыі. Становішча СМІ ў многіх дзяржавах Усходняй Эўропы непакоіць, улічваючы той факт, што свабода выказваньняў зьяўляецца паказчыкам палітычнай культуры ў краіне. Журналісцкая праца там часта магчымая толькі ў выключна цяжкіх умовах».

На атрыманьне прэміі «Наша Ніва» была вылучаная наступнымі арганізацыямі: Нарвэскі хэльсынскі камітэт, Нарвэскі ПЭН-цэнтар, Human Rights House Foundation, Rafto Human Rights House. Што цікава, не ўсе з гэтых арганізацыяў нам нават вядомыя. Вось жа, вядомасьць «Нашай Нівы» выходзіць за межы веды самой газэты.

Сябрамі міжнароднага журы зьяўляюцца: Гру Хольм (Осла), Вібэке фон Шпэрлінг (Капэнгаген), Фальк Бамсдорф (Масква), Міхаэль Туман (Гамбург), Тэа Сомэр (Гамбург) і Ганс-Георг Вік (Berlin).

Прэмія будзе ўручаная 21 чэрвеня ў Нобэлеўскім інстытуце ў Осла.

Прэмія фонду «Zeit» зьяўляецца штогадовай узнагародай, што прысуджаецца журналістам і СМІ з Расеі, Беларусі, Украіны, Грузіі і Паўночнага Каўказу, якія ў сваёй працы выступаюць за свабоду слова і грамадзянскай супольнасьці. Прэмія заснаваная ў 2000 г. у гонар юрыста, журналіста і выдаўца Герда Буцэрыюса. З 2004 г. фонд выдае прэмію супольна з нарвэскай фундацыяй «Fritt Ord» (Свабоднае слова) (Осла).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?