21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, ў краіне праходзіць сімвалічная Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка. Яна ладзіцца пяты год запар у многіх гарадах і вёсках Беларусі. Яе ўдзельнікі такім чынам выказваюць павагу да роднай мовы.

Арганізуе яе ТБМ, аднак і кожны неабыякавы да беларушчыны чалавек можа з сябрамі зладзіць такую акцыю. У якасці тэкстаў для дыктоўкі сёлета прапануюцца творы класікаў-юбіляраў -- Максіма Танка і Янкі Купалы.

Максім Танк

Родная мова

З легендаў i казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў i пшанiц,
З сузор’яў i сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлiвых крынiц.
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
I з гора, i з радасцi, i з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святынi народа, бяссмерця яго, –
Ты выткана, дзiўная родная мова.

Няма на зямлi таго шчасця i гора,
Якога б ты нам перадаць не магла.
Няма такiх нетраў, глыбокага мора
I гор, праз якiя б ты не правяла
Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння
Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй
Над спаленай хатай, над родным загонам,
Над будучыняй і песняй маёй –
Над тым, што было i што век будзе вольным.

Народ пранясе цябе, родная мова,
Святлом незгасальным у сэрцы сваiм
Праз цемру і годы змаганняў суровых.
Калi ж ападзе і развеецца дым
I нiвы васкросшыя закаласяцца, –
Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвiнiш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасi iх сарэбраны гром
I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

1943

Ліст у рэдакцыю

(замест прамовы на святкаванні дваццацігадовага юбілею ў Беларускім дзяржаўным тэатры 23 чэрвеня 1925 года).

Беларусь на сваім доўгім вяку нямала чаго перажыла. Не раз і не два была арэнай крывавых змаганняў Захаду і Усходу за панаванне над падняволенымі народамі. Паншчыну перанесла на сваіх працавітых плячах. Але Беларусь яшчэ і іншую адыгрывала ў гісторыі ролю: праз яе абшары і народ ішлі калісьці, у той час вялікія і агульналюдскія, ідэалы навукі і ведаў…

Калі ж прыгледзімся ў сучасныя з’явы, то доля Беларусі тая самая, толькі на іншы манер: праз яе абшары і народ ізноў ідуць … вялікія агульначалавечыя ідэі… I, разумеецца, мусіць прыйсці той час, калі Беларусь будзе зноў арэнай вялікіх змаганняў. Трэба толькі цвёрда верыць, што верх возьме праўда, бо на свеце больш працоўных сумленных рук, як тых несумленных, што няволю сеюць.

Але што ні тварылася б на свеце, беларуская думка аб нацыянальнай і сацыяльнай волі як жыла, жыве, так і жыць будзе. Наша беларускае настаўніцтва, выхаванае і загартаванае, павінна і будзе сеяць гэтыя думкі сярод нашых дзяцей.

На змену старым барацьбітам за волю і долю людзей ідзе новая беларуская змена, ідзе наша моладзь, наш бунтарскі маладняк. Дык няхай жа жыве беларуская бунтарская песня змагання, вызвалення і свабоды!

(Паводле Янкі Купалы)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?