Калі паспрабаваць паразважаць, якую мінулагоднюю кнігу можна было б яшчэ ўключыць у лонг-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца, дык я асабіста адразу згадваю імя Франца Сіўко. Гэты віцебскі празаік усіх здзівіў, калі ў 2001 годзе выдаў кнігу «Удог».

Прачытаўшы новую кнігу пісьменніка, разумееш, чаму аўтар назваў яе «Выспы».
Выспы — гэта тыя мясціны, сярод неспрыяльнага, а нават часам і варожага атачэння, дзе пісьменніку было добра і ўтульна. Гэта не толькі нейкія канкрэтныя тэрыторыі, але і ўспаміны, думкі, мары, мова, краіны, людзі.

У эсэ «Выспа Міжрэчча» аўтар піша пра сваю малую радзіму — вёску, раку, тамтэйшых людзей, пра тыя змены, якія адбыліся там апошнім часам. Прачытаўшы, разумееш, на якім матэрыяле напісана славутая аповесць «Удог» — на гісторыі заняпаду некалі славутых паўночнабеларускіх мясцінаў. Пра знішчэнне мясцовых помнікаў архітэктуры, з цэглы якіх будаваліся склепы і іншыя прысядзібныя пабудовы. Пра пілаванне старых таполяў і дубоў. Пра шкодніцтвы нават для невялікай рачулкі. Пісьменнік піша, што «імпэт да руйнавання помнікаў старасветчыны ў мірны час не прыходзіць знянацку. Ён узнікае спакваля на грунце аслаблення імунітэту да дзікунства, грамадскай абыякавасці…»

Яшчэ адна выспа, у якой было добра і ўтульна аўтару — мова памежнага з Латвіяй Мёрскага краю.
Мова, якую ён чуў у дзяцінстве, з яе дыялектнымі асаблівасцямі, разнастайнасцямі і дзіўнай насычанасцю саркастызмаў. Пісьменнік згадвае, што падчас яго дзяцінства размаўяць у роднай вёсцы ці то па-польску, ці то па-расейску «лічылася праяваю кепскага выхавання і фанабэрыстасці. Дастаткова было чалавеку аднойчы прадэманстраваць гэткім чынам вучонасць перад вяскоўцамі, як ягоная рэпутацыя аказвалася беззваротна сапсаванай».

Але бадай самым моцным эсэ ў гэтай кнізе з’яўляецца «Сволач паводле Брэма». Аўтар піша пра прыроду існавання, памнажэння і пашырэння сволачы, пра іх плоднасць, мімікрыю і разнастайнасць, пра іх зацятую прыхільнасць да адной мовы — мовы хамства. Сканчваецца эсэ аптымістычна, маўляў, часам і сволач патрэбна, бо інакш «адкуль бралі б мы крытэрыі ацэнкі вартасцяў».

Чытаць прозу Франца Сіўко — няпросты занятак. Але бадай менавіта гэты беларускі празаік можа пісаць пра такія падставовыя рэчы — як сумленне, годнасць, праўда і не выклікаць пачуцця зануднага маралізатарства і шаблоннага думніцтва, што сёння, у нашыя сумныя часы бязвер’я і беспрасветнасці, выглядае надзвычайным цудам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?