Мэт'ю Чарльз зняў фільм за свае грошы.

Мэт'ю Чарльз зняў фільм за свае грошы.

1 сакавіка ў Лондане адбудзецца прэм’ера дакументальнага фільма «Europe’s Last Dictator». Яго аўтарамі з’яўляюцца Мэт’ю Чарльз і Джуан Пасарэлі. Бюджэт стужкі склаў амаль 16 тысячаў еўра. Мэт’ю Чарльз тлумачыць, чым яго зацікавіла Беларусь і распавядае, з якімі праблемамі ён сутыкнуўся падчас здымкаў.

Чаму вы вырашылі зрабіць гэты фільм?

Мэт’ю Чарльз: Я зрабіў другі фільм пра Беларусь.

Я правёў шмат часу з беларускімі актывістамі, з беларускім «Свабодным тэратрам». І я ведаю шмат людзей, якія былі арыштаваныя і збітыя падчас дэманстрацыі ў дзень выбараў. І стварэнне фільма — мая дапамога, каб палепшыць сітуацыю.
Я ўжо здымаў адзін фільм пра Беларусь. Ён называецца «Пастаноўка рэвалюцыі» — гэта дакументальны фільм для BBC, які распавядае пра «Свабодны тэатр».

Новы фільм таксама будзе транслявацца на BBC?

Мэт’ю Чарльз: Пабачым, я спадзяюся (смяецца).

Вы былі ў Беларусі. І што думаеце пра краіну, людзей?

Мэт’ю Чарльз:

Гэта прыгожая краіна з вельмі прыязнымі і гасціннымі людзьмі.
І ў мяне шмат беларускіх сяброў. Я заўсёды адчуваў прыязнае стаўленне мясцовых жыхароў да мяне. Так што ў мяне зараз шмат беларускіх сяброў, як у Беларусі, так і ў Вялікабрытаніі.

А што скажаце наконт палітычнай сітуацыі ў краіне?

Мэт’ю Чарльз:

Я думаю, гэта ганьба, што людзі не могуць жыць так, як яны хочуць. Тое, што сем’і разбіваюцца на кавалкі з-за дзеянняў беларускага ўрада.
У прыватнасці, гэта датычыцца сем’яў Алеся Міхалевіча і Леаніда Навіцкага. Гэта трагедыя і вялікі смутак.

Калі вы былі ў Беларусі, вы здымалі нейкія сцэны для фільма?

Мэт’ю Чарльз: Я здымаў у Беларусі падпольна ўвесь час — напрыклад, у Шклове і Александрыі. У гэтых мясцінах мы спрабавалі вярнуцца да мінулага Аляксандра Лукашэнкі, ягоных каранёў. У Беларусі была зроблена апошняя частка фільма. Я сустрэўся і запісаў размовы з многімі людзьмі. Гэта сем’і Леаніда Навіцкага, Андрэя Саннікава, Андрэя Дмітрыева, Міланы Міхалевіч. Гэта было ў красавіку і траўні мінулага года.

Увогуле, якая цікавасць да фільма ў Брытаніі?

Мэт’ю Чарльз: Хутка пабачым. Фільм яшчэ не выйшаў на экраны. Беларусь — гэта тэма, пра якую людзі ў Вялікабрытаніі, шчыра кажучы, нічога не ведаюць.

Але я ўпэўнены, што калі б яны нешта ведалі, то былі б шакаваныя тым, што адбываецца, фактычна, у іхніх суседзяў.

Што можаце распавесці аб прэзентацыі фільма ў Мінску?

Мэт’ю Чарльз: Так, нешта плануецца, але не магу вам даць ніякіх дэталяў.

Што распавядзеце наконт удзелу акторкі Джааны Ламлі?

Мэт’ю Чарльз: Яе голас мы чуем за кадрам. Яна вялікая сяброўка беларускага «Свабоднага тэатра». Яна шчыра прызнаецца, што раней нічога не ведала пра Беларусь, і калі даведалася пра тое, што там адбываецца, была ў шоку. Таму яна прадаставіла свой голас у падтрымку беларускай апазіцыі. Яна лічыць, што да Беларусі патрэбна прыцягваць болей увагі не толькі ў Брытаніі, але і па ўсёй Еўропе, па ўсім свеце.

Распавядзіце пра ўдзел у праекце Джуліяна Асанжа.

Мэт’ю Чарльз: Асанж таксама падтрымлівае патрабаванне вызвалення беларускіх палітзняволенных і падтрымлівае дэмакратызацыю Беларусі.

Ягоная сувязь з фільмам у тым, што мы выкарыстоўваем фрагменты перахопленай перапіскі з амерыканскіх дыпламатычных крыніцаў, якія з’явіліся на Вікілікс.
Ён таксама будзе на лонданскай прэзентацыі і будзе гаварыць пра Беларусь. Не думаю, што ён дасць нейкую новую інфармацыю з перапіскі пра Беларусь, бо ўсе тэксты ўжо даступныя анлайн. Аднак, магчыма, у нашым фільме будуць нейкія новыя факты, звязаныя з гэтай рассакрэчанай перапіскай, пра якія людзі раней не ведалі.

Цікава, які бюджэт фільма? І якія арганізацыі прафінансавалі яго стварэнне?

Мэт’ю Чарльз: Ніякія арганізацыі не фінансавалі гэтага майго праекта.

У працы над фільмам я не выкарыстоўваў аніякіх рэсурсаў акрамя маіх уласных.
Прыкладна я затраціў каля 10 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

Ці плануецца прэзентацыя фільма ў іншых краінах крамя Вялікабрытаніі і Беларусі?

Мэт’ю Чарльз: Так, плануем. Але, па-першае, хачу са сваім фільмам прыняць удзел у кінафестывалях.

Можа, вы мелі нейкія праблемы з-за таго, што здымалі фільм у Беларусі?

Мэт’ю Чарльз:

Мяне спынілі ў аэрапорце, калі я ўжо з’язджаў. Са мной размаўлялі 2 гадзіны. Яны ведалі, што я рабіў фільм, і таму шукалі мае відэазапісы.
Але відэа, якое я загадзя адправіў праз мяжу, не знайшлі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?