Былы кандыдат у прэзідэнты правёў сёння прэс-канферэнцыю, на якой азнаёміў журналістаў з ініцыятывай «Лічым галасы разам». Удзельнікі гэтай ініцыятывы заклікалі Аляксандра Лукашэнку сысці ў адстаўку да 1 жніўня. Прапанавана, каб да гэтага часу ён ініцыяваў змены выбарчага закону,

каб восеньскія парламенцкія выбары адбыліся ўжо па новым законе і без Лукашэнкі.
Гэта, на думку ўдзельнікаў кампаніі «Лічым галасы разам», гарантуе больш дэмакратычнае правядзенне выбараў.
Ініцыятыва створаная на базе выбарчых каманд Дзмітрыя Уса і Мікалая Статкевіча.
Яе ўдзельнікі звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай «абавязаць кіраўніцтва Мінскага гарвыканкама» даць дазвол на правядзенне ўстаноўчага сходу гэтай групы. Група двойчы падавала заяўку на правядзенне такога сходу і двойчы атрымала адмову.
Яшчэ адну, трэцюю заяўку плануецца падаць на 24 сакавіка. Да гэтага дня актывісты патрабуюць вызваліць палітвязняў.
Калі гэтае патрабаванне не будзе выкананае,
чальцы групы будуць заклікаць да грамадзянскага байкоту Аляксандра Лукашэнкі, а міжнародную супольнасць заклікаюць не аказваць эканамічнай дапамогі Беларусі да сыходу Лукашэнкі ў адстаўку.

​​Зварот да Аляксандра Лукашэнкі і міжнароднай супольнасці зачытаў сябра ініцыятыўнай групы «Лічым галасы разам» юрыст Аляксей Гаўруцікаў. Паводле Гаўруцікава, у выпадку адсутнасці дыялогу з уладай актывісты будуць заклікаць да акцый грамадзянскага непадпарадкавання, пакуль Аляксандр Лукашэнка не сыдзе ў адстаўку.

Паводле Уса ініцыятыву па тэрміновым ўнясенні зьменаў у выбарчы закон падтрымалі былыя кандыдаты ў прэзідэнты Уладзімір Някляеў і Віталь Рымашэўскі. Чальцы групы маюць намер звяртацца па падтрымку і да іншых палітыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?