У новай кнізе «Да кніжных скарбаў дакрануся...» Міхась Казлоўскі распавядае пра лёс прыватных кніжных збораў.
«НН»: Сп. Міхась, які час можна лічыць пачаткам бібліяфільства ў Беларусі?
Міхась Казлоўскі: Тут трэба выразна раздзяліць бібліяфільства Беларусі і беларускае бібліяфільства. Першае я лічыў бы нават ад Еўфрасінні Полацкай, калі пачалі з’яўляцца першыя кнігі, а пазней і бібліятэкі. А калі гаварыць пра беларускае бібліяфільства, я пачынаю адлік ад Аляксандра Ельскага. Браніслаў Эпімах-Шыпіла — адзін з тых, хто займаўся мэтанакіраваным зборам беларускай літаратуры. І бібліятэка ў яго была ўнікальная, якую здолеў у 1929 перадаць беларускаму народу. Бо ў іншых нават і гэтага не атрымалася. Дзе цяпер бібліятэка Рамуальда Зямкевіча? Шмат гаварылася, што яна знікла падчас паўстання ў Варшаве ў 1944 — нібыта згарэла. А пазней аказалася, што кніжкі Зямкевіча знаходзяць і да гэтага часу ў польскіх бібліятэках.
Дзе хаця б рэшткі ўнікальнай бібліятэкі Кастуся Езавітава?
Частку архіва і найбольш каштоўныя кнігі ён здолеў забраць з Рыгі ў Берлін — дзве вялікія скрыні. Мне здаецца, што там былі і Багдановічавы матэрыялы. Калі Езавітава арыштавалі ў Празе ў 1945, гэтых скрыняў не было пры ім. Некаторыя матэрыялы з таго архіва ўсплылі ў 1960-м, калі ў Мюнхене рыхтаваўся «Вянок паэтычнай спадчыны» Максіма Багдановіча. Бо там надрукавалі вершы, якія былі невядомыя нашым літаратуразнаўцам. Значыцца, той архіва цалкам не страчана.
«НН»: Ваша кніга фактычна першая пра айчыннае бібліяфільства. Раней у іншых не было спробаў напісаць пра бібліятэчныя скарбы?
МК: У нас ёсць кніжка Дзмітрыя Мароза «Читая прошлого страницы» (1989). Аўтар быў вялікім бібліяфілам. Але яго кніга скіраваная на разгляд расійскай класікі. Тое самае можна знайсці ў Лідзіна, Маркушэвіча, Смірнова-Сакольскага — расійскіх бібліяфілаў. Мароз з беларусаў згадвае толькі Янку Купалу. Але важны эпізод не асвятляе. Калі Купала рыхтаваў зборнік «Шляхам жыцця», выдаць яго згадзіўся доктар Ярэміч. Але перад ім стаяў выбар: выдаваць «Радуницу» Сяргея Ясеніна ці «Шляхам жыцця». Як беларус, Ярэміч выбраў апошнюю.
У Барыса Сачанкі было апавяданне «Іван Патапавіч Белахвосцік — кніжны Шэрлак Холмс». Ён упершыню, напэўна, спісваючы з сябе, намаляваў вобраз бібліяфіла, праўда, мастацкі. Стары настаўнік, інтэлігент рупна збірае кнігі. І яму ўдалося адшукаць невядомыя рукапісы Багдановіча. Але іх уладальніца збіралася ў адпачынак. Сустрэцца дамовіліся пасля яе прыезду. Але галоўны герой раптоўна памірае, не дачакаўшыся вяртання гаспадыні.
У нас найбольш з усіх суседзяў гэтая тэма не распрацаваная.
Мы маем адзіны нумар альманаха бібліяфілаў «Свіцязь». Але я лічу, што гэта нават не бібліяфільскае, а хутчэй літаратуразнаўчае выданне.
«НН»: Калі не было краязнаўчага часопіса, Вы пачалі выдаваць «Куфэрак Віленшчыны». Не думалі і самі стварыць бібліяфільскі часопіс?
МК: У мяне была ідэя некалькі гадоў таму пачаць выдаваць альманах пад назвай «Наш свет». Але падумаў, што на адзін нумар у мяне сілаў хопіць. А што будзе з другім, трэцім? Наколькі ў нас хопіць людзей, якія маглі б падтрымаць такую ідэю? У людзей, якія хацелі б нешта зрабіць, бракуе самаахвярнасці.
«НН»: Якія кнігі збіраюць беларускія бібліяфілы?
МК: Згодна з класіфікацыяй Майсея Лесмана, бібліяфілы падзяляцца на тры катэгорыі. Першыя збіраюць усё, што падабаецца. Другія збіраюць па пэўнай тэме. А да трэцяй катэрыгорыі Лесман адносіў тых, хто збірае ўсё пра кагосьці. І ў якасці прыкладу прыводзіў інжынера Ільіна, які меў унікальны збор пра Аляксандра Блока. У нас жа такая класіфікацыя проста не спрацоўвае.
Мы пакуль не дайшлі да высокага ўзроўню бібліяфільства, калі збіраюць выданні па пэўнай тэме альбо пра канкрэтную асобу.
«НН»: Што ўяўляе сабой Ваша бібліятэка?
МК: Я не іду шляхам збірання адных толькі рарытэтаў. Ёсць, канечне, і рэдкія выданні. Прыжыццёвыя кнігі Вацлава Ластоўскага, Адама Станкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, заходнебеларускіх і савецкіх аўтараў 1920-х... Галоўны кірунак майго збірання — беларуская літаратура. Як разумееце, збіраю мэтаскіравана. Чым аўтар менш вядомы, тым больш мне цікавы. Было ў яго пяць зборнікаў — стараюся адшукаць усе. І каб яны былі ў добрым стане. Не люблю, як кажуць бібліяфілы, стомлены выгляд асобніка. А маргіналіі, калі на палях чалавек нейкую думку выказаў, наадварот, падабаюцца. Добра, калі і аўтограф маецца. Гэта выклікае шмат загадак-адгадак. А калі да мяне патрапляе нешта са старых выданняў і яно «просіць дапамогі», стараюся рэстаўраваць. Каб выданне пры чытанні не рассыпалася.
А проста глядзець на кнігу — не чытаць — гэта нейкі мазахізм.
«НН»: Бібліяфільства прадугледжвае збіранне і рукапісаў, лістоў?
МК: Так. Але расійскія бібліяфілы чамусьці нярэдка гэта называюць «дапаможным матэрыялам». Пагадзіцца з імі не магу, бо гэта аснова, з якой затым вырастаюць кнігі. Да «дапаможнага матэрыялу» часта адносяць і кніжную графіку. А я яе вельмі люблю. У мяне ёсць графіка Валянціна Ціхановіча, Міхаіла Бельскага, Віктара Александровіча, Генадзя Сянькоўскага, Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага.
Мэтанакіравана збіраю экслібрысы. І мне здаецца, што шчаслівы той чалавек, які мае ўласны экслібрыс. У мяне іх — два. Адзін выканаў Алег Аблажэй, другі — Генадзь Сянькоўскі.
Аўтографы цікавяць, рукапісы і друкаваныя варыянты, калі на іх унесены праўкі ад рукі. Але «багатым» тут сябе не лічу. Неяк мне вершы Старога Уласа прынеслі. Цікава. Але гэта нячастая радасць. Не ўсё даходзіць да нашага часу — шмат гіне. Але мы ў гэтым самі вінаватыя. Я паехаў неяк да роднай пляменніцы Тамаша Грыба, у Паляны. (Працяглы час лічылася, што гэта Астравецкі раён, а высветлілася, што патрэбная вёска знаходзіцца на Смаргоншчыне.) Запытаўся, мо засталося нешта ў яе ад дзядзькі. А тая сказала, што быў куфар на гарышчы. А дзеці як рабілі рамонт, спалілі яго з-за непатрэбнасці. А што там магло быць? Тыя лісты Грыба, якія ён пісаў да сястры, фотаздымкі, перыядычныя выданні. Можа нейкія рукапісы прысылаў. Але ўсё спалілі…
«НН»: У бібліяфіла можа быць любімая кніга?
МК: Так.
Калі за аснову ўзяць зборнік Янкі Купалы «Шляхам жыцця» (1913), далучыць п’есы і некаторыя вершы і публіцыстыку перыяду 1913-1926 гадоў паэта, то гэта была б мая любімая кніга,
якую б я чытаў і перачытаваў, кожны раз знаходзячы нешта новае.
Са слоўніка кніжніка
Бібліяман — тып збіральніка кніг, які ў сваім захапленні пераступае межы разумнага ў адносінах да мэты і сэнсу збіральніцтва — ігнаруе мастацкі змест кнігі, часцей цэніць яе толькі за знешнія адзнакі рэдкасці, нікога не дапускае да сваіх кніг.
Графіка — зборная назва тэхнічна розных, выкананых уручную мастацкіх работ па вырабе друкаванай формы з мэтай атрымання тыражных адбіткаў на паперы. У пашыраным сэнсе ўключае ўнікальныя мастацкія выявы, выкананыя на паперы ці кардоне ў тэхніцы акварэлі, малюнка пяром, вугалем...
Франтыспіс — ілюстрацыя ў кнізе, якая звычайна змяшчаецца на левым баку развароту тутульнага ліста. У якасці франтыспісу выкарыстоўваюцца ўзноўленыя ў розных тэхніках патрэт аўтара альбо асобы, пра якую расказваецца ў кнізе.
Экслібрыс — кніжны знак, які клеіцца ўладальнікамі на кнігу пераважна на ўнутраны бок пераплёту. Звычайна экслібрыс утрымлівае імя і прозвішча ўладальніка, малюнак, які вобразна расказвае аб прафесіі альбо інтарэсах чалавека.
Да кніжных скарбаў дакрануся... Нататкі бібліяфіла / Міхась Казлоўскі. — Мінск, Літаратура і Мастацтва, 2011. – 376 с.
Набыць кнігу можна тут.
Каментары