У нядзелю, 26 лютага, дзень народзінаў святкуе палітвязень Яўген Васьковіч. Яму споўніцца 22 гады, а асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму — гэта быў адзін з найбольшых тэрмінаў беларускіх палітвязняў. Судзілі Яўгена ў Бабруйску.

Падтрымаць хлопца, што не раз трапляў у карцар і ШІЗА за сваю прынцыповую пазіцыю, можна лістом ці паштоўкай.

212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Турма № 4,

Яўгену Васьковічу.

Можна таксама даць тэлеграму, патэлефанаваўшы ў любы час на нумар 166. Адна ўмова — тэлефон мусіць быць стацыянарны.

* * *

Яўгена Васьковіча затрымалі год таму, 17 студзеня 2011 года, і асудзілі на дзесяць сутак арышту нібыта за дробнае хуліганства. 16 студзеня ён удзельнічаў у Магілёве ў акцыі салідарнасці з палітвязнямі. Калі ж ён адбыў адміністрацыйны арышт, яго пакінулі ў няволі, а пазней выставілі абвінавачванне паводле артыкула «Злоснае хуліганства».

У траўні 2011 года Яўгена Васьковіча і двух прыхільнікаў ідэяў анархізму, Арцёма Пракапенку і Паўла Сырамалотава, Бабруйскі суд прызнаў вінаватымі ў злосным хуліганстве і ў наўмысным нанясенні шкоды ў асабліва буйных памерах.

Усім тром прысудзілі па сем гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму за напад на будынак бабруйскага КДБ.
Следства выявіла, што ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года хлопцы кінулі ў будынак бабруйскага КДБ дзве бутэлькі з «кактэйлем Молатава».
Васьковіч прызнаў факт нападу, але не пакаяўся.

* * *

Месяц таму, 18 студзеня, з Яўгенам сустракалася мама, Рушанія Іванаўна.

«Трымаецца ён малайцом. Я чакала горшага. Пераказваў усім на волі вялізныя вітанні, віншаваў з прамінулымі святамі, дзякаваў за допісы і дапамогу. У камеры іх трое. Як я зразумела, і тэлевізар там ёсць, і кнігі чытаюць, газеты атрымліваюць. Навіны ён ведае. Ад 10 снежня да 24-га сядзеў у ШІЗА, потым, не выходзячы, яшчэ дзесяць сутак далі. 6 студзеня ізноў туды трапіў і ў панядзелак толькі выйшаў. Іх злуе, што ён усё робіць з усмешкай. Пад вачыма ў яго чорныя кругі. Казаў: «Матуля, не перажывай — вам там горш, чым мне тут».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?