23 лютага сябры Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы (БАС) абралі новага кіраўніка арганізацыі — Радэка Дамброўскага. Пра бліжэйшыя пэрспэктывы БАС і пра бягучую падрыхтоўку да 18‑га Басовішча Радэк распавёў Studenty.by

Радэк Дамброўскі ў БАСе ужо 4‑ы год, навучаецца на 4‑ым курсе беларускай філялёгіі Беластоцкага ўнівэрсытэта. Мінулыя два гады ён быў намесьнікам папярэдняй старшыні БАСу Ілоны Карпюк.

— Па сярэдняй адукацыі я электрык, зараз цікаўлюся журналістыкай. Шмат што ў маім жыцьці зьмяняецца, і мне гэта падабаецца — не люблю аднастайнасьці, — адзначае Радэк.

— Хачу пашыраць прасторы дзейнасьці БАС — не прынцыпова толькі ў студэнцкім асяродку, хаця пакуль гэта галоўнае. Наагул культурніцка‑грамадзкая дзейнасьць — гэта адна з маіх любімых справаў.

Пра будучую дзейнасьць БАС

— Пакуль цяжка казаць пра канкрэтныя зьмены, я зараз знаёмлюся з сваімі новымі абавязкамі. Буду безумоўна працягваць тое, што рабілася да гэтай пары, але задумы канешне ёсьць. Хіба што казаць пра іх пакуль асабліва ня лічу вартым, бо ня ўсё можа быць зьдзейсьненым.

— Бліжэйшыя пляны — тое, чым дакладна будзе займацца БАС, — гэта студэнцкія дні беларускай культуры (3‑х днённае мерапрыемства), VI тыдзень гуманітарных навук ў беластоцкім ўнівэрсытэце (як суарганізатар), JUVENALIA 2007 (як суарганізатар), ну і зрэшты Басовішча‑2007. Будуць яшчэ штогадовыя ня вельмі маштабныя імпрэзы, кшталту сьвяткаваньня Дня Волі 25‑сакавіка.

Пра Басовішча‑2007

А калі пачнецца падрыхтоўка да Басовішча‑2007?

— Ужо зараз. Першае, што трэба зрабіць, агучыць конкурс. Я думаю гэта зрабіць 5 сакавіка, правесьці перамовы з партнэрамі зь Беларусі, шукаць фінансы і складаць праграму.

А што з фінансамі? Ня будзе спазьненьняў, як у мінулым годзе?

— Зь міністэрствам ня будзе, але само міністэрства — гэта 60%. Не кажу што астатнія ня будуць праблемай, але ў мінулыя гады знаходзілі і ў гэтым годзе знойдзем. Проста гэта патрабуе часу і працы

А беларускія партнэры? Ёсьць ужо?

— Думаю амаль ёсьць, толькі трэба правесьці канчатковыя перамовы і прыняць рашэньні.

Чакаюцца каардынальныя зьмены па партнэрах?

— Не, ня думаю… хіба што адмовяцца партнэры. Пэўна ўсё будзе падобна на мінулы год, Studenty.by + Тузін Гітоў. Канешне, ёсьць задума паразмаўляць з Супрановічам, які пачынаў ладзіць адборачныя туры, але ці змогуць гэтыя каманды працаваць разам, высьвятліцца толькі пасьля перамоваў. Якія, спадзяюся адбудуцца ўжо ў бліжэйшы тыдзень.

А калі плянуеш у Беларусь на перамовы?

— Цяжка сказаць дакладна, я хачу на наступным тыдні, але пакуль не магу паабяцаць.

Ілона некалі казала, што на прыз на Басовішчы набудзе паліва, каб езьдзіць у Беларусь. А як у цябе з даездам?

— У мяне машына на газе — гэта таньней чым бэнзін. Буду езьдзіць даволі часта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?