Актывісты ЛГБТ-руху Беларусі падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне 17 сакавіка шэсця «Жэст супраць нецярпімасці».

Як паведаміў адзін з арганізатараў акцыі Сяргей Андросенка, заяўка пададзена 22 лютага і зарэгістравана ў Мінгарвыканкаме. «Актывісты ЛГБТ-руху плануюць правядзенне публічнай акцыі з раздачай улётак і паштовак, якія будуць заклікаць грамадзян да асуджэння расізму і іншых праяў ірацыянальнай нецярпімасці. Мэта мерапрыемства — дэманстрацыя і прапаганда талерантнага стаўлення да меншасцяў», — зазначыў Андросенка.

Такім чынам прадстаўнікі беларускага ЛГБТ-руху маюць намер падтрымаць Еўрапейскі тыдзень дзеянняў супраць расізму і ксенафобіі, які штогод праводзіцца 17–25 сакавіка.
Запланаваная акцыя таксама прымеркавана да Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю расавай дыскрымінацыі, які адзначаецца 21 сакавіка, дадаў Андросенка.

«Мы мяркуем, — падкрэсліў ён, — што настаў час беларускай актыўнай талерантнай моладзі заявіць пратэст заявам і выхадкам агрэсіўных ідэалагічных груповак, якія актыўна прапагандуюць свае ненавісніцкія погляды да розных меншасцяў і, больш за тое, праводзяць дзеянні па пераследаванні сваіх апанентаў. Сваёй акцыяй мы хочам прыцягнуць увагу грамадства да праблемы нецярпімасці, таксама хочам заклікаць грамадства да актыўнай дэманстрацыі талерантнасці. Наша акцыя не мае палітычнага падтэксту, яна выключна праваабарончая і асветніцкая».

Месца правядзення будучай акцыі прадстаўнікі ЛГБТ-руху пакуль не абвяшчаюць. «Мы імкнемся пазбегнуць правакацый. Магу сказаць толькі тое, што шэсце пройдзе ў адным са спальных раёнаў Мінска. Заяўленая колькасць удзельнікаў акцыі — 50 чалавек», — паведаміў Андросенка.

Падчас тыдня дзеянняў супраць расізму і ксенафобіі актывісты руху таксама плануюць правесці паказ кароткаметражных ролікаў і мастацкіх фільмаў супраць расізму і ксенафобіі. Валанцёры збіраюцца наведваць сярэднія агульнаадукацыйныя ўстановы і расказваць там пра гэту еўрапейскую акцыю, абмяркоўваць праблемы расізму, нецярпімасці, ксенафобіі, талерантнасці.

Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю расавай дыскрымінацыі адзначаецца штогод 21 сакавіка па рашэнні ХХІ сесіі Генеральнай асамблеі ААН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?