У Беларусі зніжаецца колькасць самагубстваў, паведаміў дырэктар РНПЦ псіхічнага здароўя Сяргей Ігумнаў.

Паводле яго слоў, колькасць суіцыдаў у 2011 годзе стала самай нізкай за апошнія 15 гадоў.

Напрыклад, у параўнанні з 2010-м яна знізілася з 26,1 да 22,9 выпадку на 100 тыс. насельніцтва і склала 2.170 супраць 2.478 выпадкаў.

Тэндэнцыя зніжэння колькасці суіцыдаў захавалася ў большасці рэгіёнаў за выключэннем Віцебскай вобласці.

Ігумнаў падкрэсліў, што большасць самазабойцаў у 2011 годзе былі ў працаздольным узросце (1.634). Таксама расквіталіся з жыццём 13 непаўналетніх (у 2010 годзе — 16).

У 2011 годзе колькасць суіцыдаў і ў стацыянарах паменшылася з 20 да 17 выпадкаў. «Смяротнасць ад самагубстваў у псіхіятрычных стацыянарах Беларусі ў 40 разоў меншая, чым у Ганконгу, у 12 разоў меншая, чым у ЗША», — сказаў Ігумнаў.

Максімальная колькасць самагубстваў за апошнія 25 гадоў была ўчынена ў 1996 годзе — 35,3 выпадку на 100 тыс. насельніцтва;
мінімальная — 18,5 на 100 тысяч насельніцтва — у 1988-м. Разам з тым ён падкрэсліў, што праблема суіцыдаў застаецца актуальнай. Беларусь адносіцца да краін з высокім (больш за 20 выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва ў год) узроўнем суіцыдаў.

Намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Таццяна Мігаль падкрэсліла значнасць працы псіхіятрычнай службы для зніжэння ўзроўню суіцыдаў. Пры гэтым у сферы прафілактыкі суіцыдаў яна лічыць актуальнай скаардынаваную працу ўсіх ведамстваў — гэта не толькі медыцынская праблема.

Мігаль звярнула ўвагу на тое, што Міністэрству аховы здароўя падаюцца перадсмяротныя запіскі людзей, якія расквіталіся з жыццём. На падставе іх спецыялісты Міністэрства аховы здароўя і Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі аналізуюць прычыны, якія падштурхнулі людзей на самагубства.

Нагодай для таго, каб пакончыць з сабой, сярод іншага, можа быць і немагчымасць цярпець боль. Мігаль падкрэсліла, што неабходна прааналізаваць такія выпадкі, бо ў краіне працуе сістэма паліятыўнай дапамогі, а ў медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі чытаюць лекцыі па лячэнні хранічнага болевага сіндрому. «Людзі ад болю сыходзіць не павінны», — сказала Мігаль. Яна падкрэсліла, што «за аналізам статыстыкі павінны быць канкрэтныя рашэнні».

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?