Як піша брусэльская газета Euobserver.com, «лёс беларускіх палітзняволеных можа аказацца ахвярай дробных бізнэс-інтарэсаў». Малая Славенія на этапе папярэдніх перамоваў заблакавала ўнясенне ў чорны візавы спіс Еўрасаюза Юрыя Чыжа. Багаты беларускі бізнэсовец Чыж набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. У Брусэлі яго лічаць адной з «кішэняў» кіраўніка Беларусі.

Ягоная група кампаніяў «Трайпл» займаецца будаўніцтвам, забаўляльнай індыстрыяй, рэстаранамі, супэрмаркетамі, турызмам, лягістыкай і апэрацыямі з нафтапрадуктамі. Яна валодае таксама дылерскай фірмай Audi. Яна мае шырокія дзелавыя сувязі з Латвіяй, Літвой, Нямеччынай, Нідэрляндамі і Польшчай, таму можа істотна пацярпець ад эўрапейскіх санкцыяў.

Славенская Riko Group збіраецца быць генеральным падрадчыкам падчас будаўніцтва пяцізоркавага гатэля «Кемпінскі» ў цэнтры Мінска.

Рашэнне па адносінах з Беларуссю міністры замежных справаў Еўрасаюза маюць прыняць у панядзелак 27 лютага. Цяпер ідзе інтэнсіўнае ўзгадненне пазіцый. Мяркуецца, што ў чорны спіс ЕС будзе ўнесена яшчэ некалькі дзясяткаў лукашэнкаўцаў.

Вырак у справе Каваленкі мае прывесці да пашырэння санкцый.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?