У 2011 годзе смяротнасць ад прычын, звязаных з алкаголем, вырасла на 49% у параўнанні з 2010 годам. Аб гэтым паведаміў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Сяргей Осіпчык 24 лютага на рэспубліканскай нарадзе, прысвечанай вынікам работы псіхіятрычнай і наркалагічнай службаў за 2011 год і задачам на 2012 год.

Осіпчык падкрэсліў, што ўжыванне алкаголю і злоўжыванне ім аказвае ўплыў на смяротнасць сярод хворых на анкалагічныя і кардыялагічныя захворванні.

Колькасць пацыентаў, якія назіраюцца наркалагічнай службай Беларусі, за 2011 год павялічылася на 0,5% і склала 286.310 чалавек (сярод іх хворых на алкагалізм 178.608 чалавек).
Осіпчык адзначыў, што ў Беларусі назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці жанчын, якія знаходзяцца на ўліку ў нарколагаў, уласцівая большасці краін Еўропы.

Галоўны нарколаг расказаў, што ад алкагалізму лечаць не толькі ў сістэме Міністэрства аховы здароўя. Цяпер 1.394 чалавекі праходзяць прымусовае лячэнне ад алкагалізму ў лячэбна-працоўных прафілакторыях (ЛПП), якія знаходзяцца ў сістэме МУС. Осіпчык выказаў меркаванне, што сістэма лячэння і рэабілітацыі там «не адпавядае сучаснаму ўзроўню». Паводле яго слоў, Міністэрства аховы здароўя і МУС абмяркоўваюць гэтую праблему. Акрамя таго, прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя бываюць у ЛПП з інспекцыйнымі праверкамі.

Гаворачы пра прафілактыку п’янства і алкагалізму, Осіпчык указаў на праблему павелічэння рэалізацыі алкагольных напояў у Беларусі (у 2011 годзе на 9,8%). Рэалізацыя гарэлкі, якая ў структуры спажывання алкаголю займае 46,4%, павялічылася на 8%.

Осіпчык падкрэсліў, што «алкаголь з’яўляецца вядучым фактарам рызыкі ўзнікнення неінфекцыйных хвароб».
У сувязі з гэтым ён лічыць важным фарміраванне ў грамадстве антыалкагольнай і антынаркатычнай матывацыі, перш за ўсё ў маладзёжным асяроддзі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?