Памяняць вынікі галасавання гледачоў на «Еўрафэсце» распарадзіўся прадзюсер Дзмітрый Баранаў. Аб гэтым сёння на нарадзе з удзелам Лукашэнкі па выніках правядзення фіналу нацыянальнага тэлевізійнага музычнага праекта «Еўрафэст» паінфармаваў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў, які ўзначальваў спецыяльную камісію.

«Камісія па ўсім ланцужку правяла праверку для аднаўлення сапраўднай карціны.

Устаноўлена, што вынікі галасавання журы сфальсіфікаваныя не былі.
Усе нашы апытанні паказалі, што ціску яны не адчувалі», — праінфармаваў Аляксандр Радзькоў. Ён адзначыў, што па выніках галасавання членаў журы на першым месцы была група Litesound, на другім — Алёна Ланская.

Пасля заканчэння працы журы на працягу 15 хвілін ішло галасаванне тэлегледачоў. «Былі адказныя асобы, перш за ўсё работнікі Белтэлерадыёкампаніі, якія як сістэмныя адміністратары адказвалі за падлік галасоў і сядзелі за камп’ютарамі.

Гэта было ў перасоўнай тэлестанцыі. Там прысутнічалі 7 чалавек. Ход галасавання абмяркоўваўся, быў адкрыты. Таму ўсе бачылі (і гэта пацвярджаюць прысутныя), што па тэлефанаваннях гледачоў і СМС група Litesound прыкладна на 2 тыс. абыходзіла Алену Ланскую, — распавёў Аляксандр Радзькоў. — Калі пасля падвядзення вынікаў у гэтую станцыю прыйшоў прадзюсар Дзмітрый Баранаў, яму паведамілі сапраўдную карціну.

Ён загадаў, каб далі вынікі, у адпаведнасці з якімі пераможцам была б Алёна Ланская. Гэтыя вынікі былі перададзеныя ў падліковую камісію і падсумаваныя».

Аляксандр Радзькоў далей растлумачыў, што ў Алены Ланской і ў гурту Litesound апынулася аднолькавая колькасць балаў, а па ўмовах конкурсу ў гэтай сітуацыі перавага аддаецца таму, хто атрымаў больш галасоў тэлегледачоў.

Ён таксама распавёў, што работнікі, якія знаходзіліся ў перасоўнай тэлестанцыі, захавалі на флэш-карце сапраўдныя дадзеныя. «Мы праверылі праз сервер «Белтэлекама». Яны ў дакладнасці супадаюць з тым, што было на флэшцы. Гэта значыць сапраўдная карціна ў нас ёсць. Па гэтых выніках перамагла група Litesound з розніцай амаль у 2 тыс. галасоў.

Мы доказна і дакументальна ўстанавілі, што вынікі галасавання тэлегледачоў былі сфальсіфікаваныя», — канстатаваў Аляксандр Радзькоў.

Усё гэта паведамляе агенцтва БелТА. Яно не паведамляе, аднак, чаму супрацоўнікі апаратнай паслухаліся загаду Баранава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?